У суботу, 3 верасня, пройдзе адкрытая дыктоўка па беларускай мове «Агульная дыктоўка». Выказаць любоў да роднай мовы і праверыць сваё веданне арфаграфіі і пунктуацыі можна анлайн з любой кропкі свету ці афлайн у Мінску. За кожнага ўдзельніка ААТ «Лідскае піва» пералічыць грошы на набыццё новага экспаната для Лідскага замка.
«Агульная дыктоўка» пройдзе ў Беларусі ў чацвёрты раз, у 2020 годзе напісаць тэкст на роднай мове вырашылі больш як 3 тысячы чалавек. Каб стаць паўнапраўным удзельнікам праекта ў 2022 годзе, трэба зарэгістравацца на сайце і адзначыць, як плануеце пісаць: анлайн ці ў Lidbeer Dvor.
3 верасня а 15-й гадзіне на YouTube-канале і на пляцоўцы ў Мінску пачнецца трансляцыя. Да прызначанага часу пад рукой трэба мець толькі ручку і ліст фармату А4. Абмежаванняў па ўзросце, геаграфіі і нават узроўні мовы для ўдзельнікаў няма — для дыктоўкі арганізатары выбралі тэкст сярэдняй складанасці, каб паказаць адначасна і багацце нашай мовы, і яе меладычную прыгажосць.
Сёлета тэкст дыктоўкі зачытае культавы дыктар беларускага радыё і тэлебачання Уладзімір Баклейчаў. Практычна з першага дня адкрыцця яго голасам «размаўляе» мінскі метрапалітэн, дзякуючы яму амаль кожны беларус ведае, як гучыць на роднай мове «Няміга», «Кастрычніцкая» ці «Купалаўская».
— Сёлета мы вырашылі не проста выказаць любоў да роднай мовы праз адкрытую дыктоўку, але і набыць для Беларусі каштоўны матэрыяльны скарб. За кожнага ўдзельніка, які дашле сваю працу на праверку, ААТ «Лідскае піва» пералічыць 5 рублёў на набыццё новага экспаната для ДУ «Лідскі гісторыка-мастацкі музей», для яго вядомага на ўсю краіну філіяла — Лідскага замка, — адзначылі ў кампаніі.
Адправіць сваю працу на праверку можна праз асабісты кабінет на сайце, зрабіць гэта трэба 3 верасня да 19:00. Выстаўляць адзнакі будуць прафесійныя філолагі, свае вынікі з каментарыямі адмыслоўцаў можна будзе ўбачыць праз 3—4 дні таксама ў асабістым кабінеце.
Выдатнікі, якія напішуць дыктоўку на 8, 9 ці 10 балаў, атрымаюць запрашальныя білеты ў Музей лідскага бровара, які адкрыўся ў Лідзе гэтай вясной. На чатырох паверхах гістарычнага будынка сабраны тысячы экспанатаў, у тым ліку інтэрактыўныя, прысвечаныя гісторыі легендарнага піўзавода і яго заснавальніка Носеля Пупко.