Новыя каштоўнасці, лагатып і прадуктовыя лінейкі: «Лідскае піва» абвясціла аб пачатку репазіцыянавання тытульнага брэнда

ААТ «Лідскае піва» прыслухоўваецца да спажыўцоў і рэагуе на выклікі часу адпаведнымі зменамі. У кампаніі запусцілі маштабнае репазіцыянаванне тытульнага брэнда.

У аснову абноўленай камунікацыі «ЛІДСКАЕ» пакладзена сістэма каштоўнасцяў, прызваных лепш адлюстроўваць асаблівасці брэнда. Прынцып «Карані» падкрэслівае цесную сувязь прадукта з Лідай — невялікім горадам Заходняй Беларусі, які валодае значнай культурнай спадчынай і своеасаблівай крафтавасцю. Каштоўнасць «Адзінства» акцэнтуе ўвагу на тым, што «ЛIДСКАЕ» аб’ядноўвае блізкіх па духу людзей ва ўнікальную супольнасць, а «Шчырасць» адлюстроўвае форму ўзаемаадносін унутры яе. Гэтыя ўзаемаадносіны будуюцца на даверы, сяброўстве і агульных інтарэсах. Менавіта таму слоганам новай кампаніі стала фраза «Усе дзеля сваiх».

Новыя каштоўнасці лёгка счытваюцца ў абноўленым дызайне найстарэйшага брэнда кампаніі. Напрыклад, на этыкетках з’явіўся Лідскі замак і ключы ад яго. Змены закранулі і галоўны сімвал «Лідскага піва». Высакародны алень, які, дарэчы, у гэтым годзе адзначае свой 120-гадовы юбілей, стаў аб’ёмней і больш велічны, але па-ранейшаму пазначае гонар, сапраўднасць і статус кампаніі. Англамоўны надпіс «Legend of belarusian brewing» кажа пра больш чым 140-гадовую піўную гісторыю кампаніі.

Кіруючыся сусветным трэндам на павелічэнне прэміяльнага сегмента, кампанія прыняла рашэнне аб падзеле гатункаў брэнда «ЛIДСКАЕ» на дзве самастойныя лінейкі: «Мэйнстрым» і «Прэміум». У першую ўвайшлі такія прадукты, як «Pilsner», «Легенда», «Стары Замак», «Нулёвачка» і «Radler». У другую — «Premium», «Белае», «Аксамiтнае» і «Портар». Мэйнстрым лінейка папоўнілася новым гатункам «Легенда», які найлепшым чынам падкрэслівае гістарычнасць брэнда «ЛIДСКАЕ», а Прэміум — гатункам «Белае». Прэміяльную лінейку адрознівае асаблівы дызайн, унікальная форма бутэлькі і новыя фарматы: прадукт будзе даступны ў шкляных бутэльках аб’ёмам 0,4 л, бляшанках аб’ёмам 0,45 л і ў ПЭТ-бутэльках аб’ёмам 0,9 л.

У дадзены момант у крамах можна знайсці «ЛІДСКАЕ» як у новым, так і ў старым дызайне. Поўны пераход да адзінага візуальнага вобразу ў кампаніі плануюць завяршыць праз некалькі месяцаў.

ПАДПІСАЦЦА НА НАВІНЫ