Майстэрства ў кожнай грані: Lidskae BeerMaster 2026 пачынае прыём заявак

Конкурс барнага майстэрства Lidskae BeerMaster адкрывае новы сезон і запрашае барменаў з усёй Беларусі заявіць пра сябе і пазмагацца за грашовыя прызы. У год 150-годдзя кампаніі  «Лідскае піва» конкурс атрымаў асаблівы тэматычны кірунак і шэраг абнаўленняў.

Тэма конкурсу Lidskae BeerMaster 2026  — каштоўнасці. Для стварэння аўтарскіх кактэйляў арганізатары прапаноўваюць чэрпаць натхненне ў эстэтыцы высакародных камянёў, ззянні мінералаў, ювелірных вырабаў або гісторыях і легендах, звязаных з імі. Асновай для конкурсных работ стануць юбілейныя навінкі — «Янтарнае» і «Рубінавае»: сёлета ўдзельнікі могуць самастойна выбраць адзін з двух гатункаў, што адкрывае больш магчымасцяў для крэатыўных  канцэпцый.

Як і раней, да ўдзелу запрашаюцца бармены з усёй Беларусі ва ўзросце ад 19 гадоў і з досведам працы ў індустрыі больш за паўгода. 

Рэгістрацыя ўдзельнікаў ужо адкрыта на сайце праекта, а прыём заявак з гатовымі рэцэптамі і прапрацаванымі канцэпцыямі пройдзе з 17 сакавіка па 6 красавіка ўключна. Па выніках адборачнага тура журы вызначыць 30 паўфіналістаў, а 10 наймацнейшых аўтараў прадставяць свае кактэйлі ў фінале конкурсу, які адбудзецца 28 мая. Прызавы фонд размяркуецца наступным чынам: 8 000 беларускіх рублёў — за першае месца, 5 000 і 3 000 рублёў — за другое і трэцяе адпаведна.

Захаваецца і прыз глядацкіх сімпатый. Атрымальніка гэтай узнагароды выберуць госці ўстаноў і наведнікі сайта праз адкрытае анлайн-галасаванне.

«Мы прапануем паглядзець на піва як на каштоўны матэрыял, здольны раскрыцца ў руках майстра мноствам граняў. Сёлета мы пашыраем гарызонты праекта, запрашаючы да ўдзелу не толькі прафесіяналаў, але і аматараў, каб разам ствараць новую старонку ў гісторыю беларускага барнага мастацтва», — адзначаюць прадстаўнікі кампаніі «Лідскае піва».

Запуск асобнага кірунку для барменаў-аматараў стане адной з галоўных прэм'ер сёмага сезона. Для іх таксама прадугледжаны конкурс кактэйляў на аснове юбілейных навінак. Пераможцу вызначаюць анлайн-галасаваннем, а прызам стане юбілейны мерч да 150-годдзя «Лідскага піва» і магчымасць наведаць Музей лідскага бровара кампаніяй да 4 чалавек. Фіналісты аматарскага кірунку атрымаюць запрашэнне на гранд-фінал прафесійнай часткі конкурсу.

Падрабязная інфармацыя пра правілы і этапы Lidskae BeerMaster 2026 даступна на афіцыйным сайце lidskaebeermaster.by і ў сацыяльных сетках брэнда «Лідскае».

 

Падпісацца на навіны
Форма адпраўлена паспяхова.