«Лідскае піва» прадставіла дзве навінкі да свайго 150-гадовага юбілею – «Янтарнае» і «Рубінавае»

Лідскі бровар, які быў заснаваны ў 1876 годзе і бесперапынна дзейнічае ўжо паўтара стагоддзя, адкрывае юбілейны год выпускам прэміяльнай лінейкі, якая аб’яднала гістарычныя адсылкі, вытанчаны дызайн і аўтарскія рэцэптуры.

Канцэпцыя грунтуецца на ідэі каштоўнасці, якая фарміруецца з часам. Як адзначаюць прадстаўнікі кампаніі, 150-гадовы досвед і традыцыі піваварства тут пераасэнсаваны ў новым смаку сучаснай гісторыі «Лідскага» — паводле аналогіі з фарміраваннем каштоўных камянёў у выніку шматстагоддзевых геалагічных працэсаў.

У лінейку ўвайшлі два асаблівыя гатункі – «Янтарнае» і «Рубінавае», кожны са сваім колерам і смакавым характарам.

«Янтарнае» — гэта ўнікальны аўтарскі гатунак, у якім злучыліся асаблівасці двух стыляў: чысты мяккі соладавы смак мюнхенскага хелесу і ноткі фруктаў і спецый, якімі славяцца бельгійскія элі.

«Рубінавае» — гатунак насычанага рубінавага колеру, для якога характэрны саладкаваты ягадны водар і свежы фруктовы смак з далікатнымі ноткамі прыпраў.

Асобнай часткай працы стаў выбар назваў. Калі з «Рубінавым» складанасцяў не ўзнікла, то назва гатунку «Янтарнае» выклікала палеміку сярод спажыўцоў яшчэ да з’яўлення прадукту на паліцах.

«Мы вельмі рупліва падыходзілі да распрацоўкі назваў. Абедзве — па-беларуску. Для светлага мы выбіралі паміж “янтарны” і “бурштынавы”, пры гэтым даследаванне і фокус-групы паказалі, што “янтарны” ў большасці адразу выклікае асацыяцыю з колерам, а кансультацыі з НАН Беларусі пацвердзілі правамернасць выкарыстання гэтага слова ў беларускай мове. Таму на этыкетцы з’явілася “Янтарнае”, але “бурштынавы” мы таксама будзем выкарыстоўваць у камунікацыі, адлюстроўваючы багацце беларускай мовы», — адзначылі прадстаўнікі ААТ «Лідскае піва».

Яшчэ адной асаблівасцю юбілейнай лінейкі стаў павялічаны аб'ём бутэлькі — 615 мл. Гэта адсылка да гістарычнай меры канца XIX стагоддзя і адначасова практычнае рашэнне: на 115 мл большае за стандартнае і на 165 мл большае за папулярны аб’ём 0,45 л — усё «дзеля сваіх».

Сама бутэлька мае ўнікальную форму, а яе верхняя частка выканана ў выглядзе граняў каштоўных камянёў, якія сімвалізуюць шматграннасць гісторыі завода. Тактыльны дызайн і юбілейны лагатып з сімвалам брэнда, размешчаны на калье, робяць навінкі заўважнымі на паліцы і падкрэсліваюць прэміяльны статус асаблівай серыі.

Новыя гатункі паступяць у продаж па ўсёй Беларусі ў пачатку лютага.

 

Падпісацца на навіны
Форма адпраўлена паспяхова.