Экспанаты навобмацак і інтэрактыўныя стэнды: у Лідзе адкрываецца Музей лідскага бровара

Музей адкрываецца ў сталіцы беларускага піваварства на тэрыторыі завода “Лідскае піва”. На чатырох паверхах размясціліся сотні экспанатаў, у тым ліку ўнікальныя аб'екты стагадовай даўнасці і сучаснае абсталяванне, якое раскрывае этапы вытворчасці, адукацыйныя відэаінсталяцыі і дэгустацыйная зала. Асобныя аб'екты можна кранаць, рухаць і нават спрабаваць на смак. Першых наведвальнікаў музей прыме ўжо ў красавіку, папярэдні запіс будзе даступны на сайце.

Ліда – буйны гістарычны цэнтр броварства. Найстарэйшы завод Беларусі “Лідскае піва” вырабляе піва і напоі з 1876 года. Багатая гісторыя прадпрыемства пачынаецца з Носеля Пупко. На ўласным участку ён пабудаваў невялікі піўны завод, які на працягу 146 гадоў ні разу не спыняў сваю працу і да сённяшніх дзён варыць легендарнае піва пад маркай «ЛІДСКАЕ». Таму не дзіўна, што менавіта ў Лідзе адкрыўся сучасны інтэрактыўны музей піваварства – Музей лідскага бровара.

«29 сакавіка «Лідскае піва» адзначае свой 146-ы Дзень народзінаў і дорыць усім падарунак – адкрывае дзверы Музея лідскага бровара. Над стварэннем музея наша каманда старанна працавала некалькі гадоў. У 2018-2019 гадах вяліся рэстаўрацыйныя працы па аднаўленні фасадаў гістарычнага будынка варэння, у 2020-2021 шлі ўнутраныя рамонтныя работы ў памяшканні музея. Завяршальным жа этапам было стварэнне музейнай экспазіцыі з выкарыстаннем сучасных мультымедыйных тэхналогій, што, на маю думку, дазволіла нам гарманічна злучыць гісторыю і сучаснасць. Прыязджайце, і вы зможаце ўбачыць усё на свае вочы» запрашае ў музей генеральны дырэктар ААТ "Лідскае піва" Аўдрыюс Мікшыс.

Першы паверх музея прысвечаны гісторыі і развіццю піваварства, пачынаючы з вынаходства шумерамі «вадкага хлеба» і сканчаючы сучаснымі маштабамі вытворчасці на інавацыйным абсталяванні з выкананнем усіх тэхнічных рэгламентаў. Таксама вы даведаецеся пра ролю бочак у вытворчасці піва, убачыце ўнікальную калекцыю бутэлек і этыкетак канца XIX – пачатку XX стагоддзя.

На другім паверсе размяшчаюцца некалькі інтэрактыўных зон, дзе можна даведацца пра водары і пахі, асаблівыя інгрэдыенты, уласцівыя таму ці іншаму гатунку піва, пазнаёміцца з табліцай стыляў піва, рознымі формамі піўных куфляў. Таксама, заваяваўшы перамогу ў гульні, вы атрымаеце магчымасць стварыць сваю іменную этыкетку!

Трэці паверх прысвечаны непасрэдна гісторыі і развіццю «Лідскага піва», яго дасягненням, пацверджаным узнагародамі і медалямі.  Таксама вашай увазе будзе прадстаўлена шырокая лінейка прадуктаў кампаніі, уключаючы апошнія навінкі.

На чацвёртым паверсе ў дэгустацыйнай зале пад кіраўніцтвам вопытнага гіда ў вас з'явіцца магчымасць пакаштаваць піўную разнастайнасць гатункаў «Лідскага», заадно атрымаўшы дадатковыя веды пра культуру піцця і правілы дэгустацыі хмельнага напою.

Наведаўшы Музей лідскага бровара, вы адкрыеце для сябе шмат новага пра гісторыю, традыцыі, смакі і цікавыя асаблівасці піва. Тут створаны ўсе ўмовы, каб ваша падарожжа ў свет пеннага напою было захапляльным!

Адрас музея: г. Ліда, вул. Міцкевіча, 32
Рэжым працы: серада-нядзеля з 10.00 да 18.00
Узроставы цэнз: 18+
Працягласць экскурсіі з дэгустацыяй: 1 гадзіна 45 хв
Кошт: 20 руб.

Набыць квіткі на экскурсію можна будзе анлайн на сайце: museum.lidskae.by

 

Падпісацца на навіны
Форма адпраўлена паспяхова.