«Лідскае піва» падвяло вынікі работы ў галіне сацыяльнай адказнасці

«Лідскае піва» падвяло вынікі работы ў галіне сацыяльнай адказнасці

ААТ «Лідскае піва» падвяло вынікі работы ў галіне сацыяльнай адказнасці. Прыярытэтным напрамкам сацыяльнай працы кампаніі з’яўляюцца акцыі, якія садзейнічаюць развіццю беларускіх традыцый, захаванню гістарычнай спадчыны і пашырэнню яе турыстычнага і культурнага патэнцыялу. Самыя буйныя праекты кампаніі — фестываль хмелю, соладу і вады LIDBEER, прафесійны конкурс сярод бармэнаў «LIDSKAE BEER MASTER», пераход камунікацыі са спажыўцамі на беларускую мову, а таксама выпуск кнігі аб гісторыі лідскага броварства і праца над падрыхтоўкай другога выдання.

ААТ «Лідскае піва» вызначыла для сябе некалькі напрамкаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці. Па-першае, падтрымка нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Галоўная мэта гэтага кірунку — падтрымка нацыянальнай культуры праз папулярызацыю беларускай мовы і гістарычнай спадчыны. Ужо сёння брэнд ЛІДСКАЕ размаўляе са спажыўцамі на беларускай мове. Беларуская мова з’явілася на этыкетках гатункаў брэнда і ў рэкламных камунікацыях гэтых прадуктаў: у вонкавай рэкламе, рэкламе на ТБ і г. д., а таксама ў сацыяльных сетках. Надалей ААТ «Лідскае піва» плануе пашыраць ужыванне беларускай мовы як у знешняй камунікацыі, так і ўнутры кампаніі.

У найбліжэйшых планах кампаніі правядзенне «агульнай дыктоўкі» на беларускай мове. Мэта акцыі — паказаць, што веданне беларускай мовы і дакладнае ўжыванне яе ў пісьмовым маўленні — важна для кожнага чалавека.

У накірунку захавання гістарычнай спадчыны Беларусі ААТ «Лідскае піва» ажыццяўляе шырокую даследчую дзейнасць, мэта якой  захаваць гісторыю развіцця броварства ў Беларусі як пласта нацыянальнай культуры. У выніку маштабнай працы была выдадзена кніга «Гісторыя лідскага бровара: з 1876 па 2012 гады». Першае выданне прысвечана гісторыі станаўлення і развіцця броварства ў Лідзе.

Як паказала даследчая праца, патэнцыял тэмы станаўлення і развіцця беларускага броварства вельмі высокі. Сёння вядзецца актыўная работа над зборам матэрыялу для другога выдання кнігі. Спецыялісты Лідскага музея вывучылі гістарычныя дакументы ў архівах Гродна, Мінска і Вільнюса. У пошуках новых дадзеных архівісты выявілі факты, якія сведчаць аб тым, што піваварны завод у Лідзе з’яўляецца найстарэйшым з тых, якія па сённяшні дзень дзейнічаюць у Беларусі. Для пацверджання гэтага факта была праведзена адпаведная экспертыза вышэйшым акадэмічным органам Рэспублікі Беларусь у галіне гісторыі — Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Заключэнне экспертаў пацвярджае, што ААТ «Лідскае піва» з больш чым 140-гадовай гісторыяй — найстарэйшы піўны завод з тых, што па сённяшні дзень дзейнічаюць у Рэспубліцы Беларусь.

«На аснове прыведзенага фрагмента архіўнага дакумента можна зрабіць выснову, што да 1893 года піваварны завод Фрумкіных ужо не функцыянаваў у сувязі з банкруцтвам. Новы піўзавод быў пабудаваны на іншай дзялянцы зямлі, што знаходзіцца па дыяганалі ад дзялянак, на якіх размясціўся піўзавод Рохлі Фрумкіной. Такім чынам, завод, пабудаваны Каралем Гутэн-Чапскім у 90-я гады ХІХ стагоддзя, нельга разглядаць у якасці пераемніка завода Фрумкіной, бо вытворчасць піва К. Гутэн-Чапскім ажыццяўлялася не на купленым заводзе Фрумкіной, які спыніў сваё існаванне, а на зусім новым прадпрыемстве, якое было пабудавана ў іншым месцы. З тых прылад, якія знаходзіліся ў складзе піваварнага завода Рохлі Фімкіной, Чапскі выкарыстоўваў для мэт свайго завода толькі каменную саладоўню, у якой арганізаваў ляднік. Сыходзячы з гэтага, дату заснавання піваварнай вытворчасці „Аліварыя“ трэба звязваць з пачаткам функцыянавання завода Караля Гутэн-Чапскага, а не піваварнага завода Рохлі Фрумкіной», – расказаў кандыдат гістарычных навук, дацэнт, дырэктар Інстытута гісторыі НАН РБ Вячаслаў Віктаравіч Даніловіч.

Другі напрамак сацыяльнай дзейнасці кампаніі — развіццё культуры піцця ў Беларусі, змяненне адносін да піва як напою, які неабходна піць умерана, у тым ліку ў барах. Рэспубліканскі прафесійны конкурс сярод бармэнаў «LIDSKAE BEER MASTER», які ўжо адбыўся ў гэтым годзе, адлюстроўвае гэтую сацыяльную задачу. 127 бармэнаў прынялі ўдзел у маштабным мерапрыемстве.

Фестываль LIDBEER, які адбудзецца ў гэтым годзе ў трэці раз, павышае турыстычную і культурную прывабнасць гістарычнай спадчыны горада Ліда. Правядзенне Фестывалю ў рамках Дня горада стала традыцыяй і яркім прыкладам прыватна-дзяржаўнага партнёрства. LIDBEER штогод збірае тысячы турыстаў і падкрэслівае статус Ліды як сталіцы броварства. У гэтым годзе Фестываль пройдзе 9 верасня. ААТ «Лідскае піва» актыўна праводзіць падрыхтоўчыя працы, каб забяспечыць гасцям не толькі святочны настрой, але і лепшыя ўмовы адпачынку.

«Сёння „Лідскае піва“ як найстарэйшы піўзавод, які дзейнічае ў Беларусі, разумее сваю важную ролю ў папулярызацыі і ўмацаванні традыцый Беларусі. Мы разумеем, што наша дзейнасць у гэтым накірунку дапамагае не толькі зрабіць больш даступным гістарычнае мінулае, але і ўносіць уклад у развіццё сучаснасці і будучыні краіны. У Беларусі ёсць унікальная культура: музыка, літаратура і помнікі архітэктуры, унікальная прырода. Усё гэта  цудоўная глеба для прадстаўлення ў свеце. І сваімі праектамі мы ўносім пасільны ўклад у дасягненне гэтай мэты», – адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Лідскае піва» Аўдрыус Мікшыс.

CRS0-660x400
CSR1-660x400
CSR2-660x400
CSR3-660x400
CSR4-660x400
Previous Next

ПАДПІСАЦЦА НА НАВІНЫ

Падпісацца на навіны
Форма адпраўлена паспяхова.