ААТ «Лідскае піва» падвяло вынікі работы ў галіне сацыяльнай адказнасці. Прыярытэтным напрамкам сацыяльнай працы кампаніі з’яўляюцца акцыі, якія садзейнічаюць развіццю беларускіх традыцый, захаванню гістарычнай спадчыны і пашырэнню яе турыстычнага і культурнага патэнцыялу. Самыя буйныя праекты кампаніі — фестываль хмелю, соладу і вады LIDBEER, прафесійны конкурс сярод бармэнаў «LIDSKAE BEER MASTER», пераход камунікацыі са спажыўцамі на беларускую мову, а таксама выпуск кнігі аб гісторыі лідскага броварства і праца над падрыхтоўкай другога выдання.
ААТ «Лідскае піва» вызначыла для сябе некалькі напрамкаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці. Па-першае, падтрымка нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Галоўная мэта гэтага кірунку — падтрымка нацыянальнай культуры праз папулярызацыю беларускай мовы і гістарычнай спадчыны. Ужо сёння брэнд ЛІДСКАЕ размаўляе са спажыўцамі на беларускай мове. Беларуская мова з’явілася на этыкетках гатункаў брэнда і ў рэкламных камунікацыях гэтых прадуктаў: у вонкавай рэкламе, рэкламе на ТБ і г. д., а таксама ў сацыяльных сетках. Надалей ААТ «Лідскае піва» плануе пашыраць ужыванне беларускай мовы як у знешняй камунікацыі, так і ўнутры кампаніі.
У найбліжэйшых планах кампаніі правядзенне «агульнай дыктоўкі» на беларускай мове. Мэта акцыі — паказаць, што веданне беларускай мовы і дакладнае ўжыванне яе ў пісьмовым маўленні — важна для кожнага чалавека.
У накірунку захавання гістарычнай спадчыны Беларусі ААТ «Лідскае піва» ажыццяўляе шырокую даследчую дзейнасць, мэта якой захаваць гісторыю развіцця броварства ў Беларусі як пласта нацыянальнай культуры. У выніку маштабнай працы была выдадзена кніга «Гісторыя лідскага бровара: з 1876 па 2012 гады». Першае выданне прысвечана гісторыі станаўлення і развіцця броварства ў Лідзе.
Як паказала даследчая праца, патэнцыял тэмы станаўлення і развіцця беларускага броварства вельмі высокі. Сёння вядзецца актыўная работа над зборам матэрыялу для другога выдання кнігі. Спецыялісты Лідскага музея вывучылі гістарычныя дакументы ў архівах Гродна, Мінска і Вільнюса. У пошуках новых дадзеных архівісты выявілі факты, якія сведчаць аб тым, што піваварны завод у Лідзе з’яўляецца найстарэйшым з тых, якія па сённяшні дзень дзейнічаюць у Беларусі. Для пацверджання гэтага факта была праведзена адпаведная экспертыза вышэйшым акадэмічным органам Рэспублікі Беларусь у галіне гісторыі — Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Заключэнне экспертаў пацвярджае, што ААТ «Лідскае піва» з больш чым 140-гадовай гісторыяй — найстарэйшы піўны завод з тых, што па сённяшні дзень дзейнічаюць у Рэспубліцы Беларусь.
«На аснове прыведзенага фрагмента архіўнага дакумента можна зрабіць выснову, што да 1893 года піваварны завод Фрумкіных ужо не функцыянаваў у сувязі з банкруцтвам. Новы піўзавод быў пабудаваны на іншай дзялянцы зямлі, што знаходзіцца па дыяганалі ад дзялянак, на якіх размясціўся піўзавод Рохлі Фрумкіной. Такім чынам, завод, пабудаваны Каралем Гутэн-Чапскім у 90-я гады ХІХ стагоддзя, нельга разглядаць у якасці пераемніка завода Фрумкіной, бо вытворчасць піва К. Гутэн-Чапскім ажыццяўлялася не на купленым заводзе Фрумкіной, які спыніў сваё існаванне, а на зусім новым прадпрыемстве, якое было пабудавана ў іншым месцы. З тых прылад, якія знаходзіліся ў складзе піваварнага завода Рохлі Фімкіной, Чапскі выкарыстоўваў для мэт свайго завода толькі каменную саладоўню, у якой арганізаваў ляднік. Сыходзячы з гэтага, дату заснавання піваварнай вытворчасці „Аліварыя“ трэба звязваць з пачаткам функцыянавання завода Караля Гутэн-Чапскага, а не піваварнага завода Рохлі Фрумкіной», – расказаў кандыдат гістарычных навук, дацэнт, дырэктар Інстытута гісторыі НАН РБ Вячаслаў Віктаравіч Даніловіч.
Другі напрамак сацыяльнай дзейнасці кампаніі — развіццё культуры піцця ў Беларусі, змяненне адносін да піва як напою, які неабходна піць умерана, у тым ліку ў барах. Рэспубліканскі прафесійны конкурс сярод бармэнаў «LIDSKAE BEER MASTER», які ўжо адбыўся ў гэтым годзе, адлюстроўвае гэтую сацыяльную задачу. 127 бармэнаў прынялі ўдзел у маштабным мерапрыемстве.
Фестываль LIDBEER, які адбудзецца ў гэтым годзе ў трэці раз, павышае турыстычную і культурную прывабнасць гістарычнай спадчыны горада Ліда. Правядзенне Фестывалю ў рамках Дня горада стала традыцыяй і яркім прыкладам прыватна-дзяржаўнага партнёрства. LIDBEER штогод збірае тысячы турыстаў і падкрэслівае статус Ліды як сталіцы броварства. У гэтым годзе Фестываль пройдзе 9 верасня. ААТ «Лідскае піва» актыўна праводзіць падрыхтоўчыя працы, каб забяспечыць гасцям не толькі святочны настрой, але і лепшыя ўмовы адпачынку.
«Сёння „Лідскае піва“ як найстарэйшы піўзавод, які дзейнічае ў Беларусі, разумее сваю важную ролю ў папулярызацыі і ўмацаванні традыцый Беларусі. Мы разумеем, што наша дзейнасць у гэтым накірунку дапамагае не толькі зрабіць больш даступным гістарычнае мінулае, але і ўносіць уклад у развіццё сучаснасці і будучыні краіны. У Беларусі ёсць унікальная культура: музыка, літаратура і помнікі архітэктуры, унікальная прырода. Усё гэта цудоўная глеба для прадстаўлення ў свеце. І сваімі праектамі мы ўносім пасільны ўклад у дасягненне гэтай мэты», – адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Лідскае піва» Аўдрыус Мікшыс.





Вы збіраецеся наведаць сайт, на якім ёсць інфармацыя аб прадуктах, якія змяшчаюць алкаголь
Вам споўнілася 18 гадоў?
Калі вам стала вядома аб фактах парушэння антыкарупцыйнага заканадаўства ў Адкрытым акцыянерным таварыстве «Лідскае піва», паведаміце пра гэта на адрас: anticorruption@Lidskae.by
Ваша інфармацыя дазволіць спыніць карупцыйнае правапарушэнне. Канфідэнцыяльнасць гарантавана.