Ці мог калісь Носель Пупко меркаваць, што яго бровар стане пачаткам гісторыі не толькі легендарнага беларускага брэнда, але і флагманам культурных ініцыятыў, узнагарод і тэхналагічнага поспеху? Сёння «Лідскае піва» — найстарэйшы ў краіне бесперапынна дзейны завод са 150-гадовай гісторыяй, унесены ў Кнігу рэкордаў Беларусі. Згадваем важныя вехі.
29 сакавіка 1874 г. лідскі мешчанін Носель Пупко атрымаў дазвол пабудаваць бровар на сваёй вузкай і доўгай дзялянцы, мала прыдатнай для ўладкавання гаспадаркі. Ужо праз два гады тут зварылі першае піва. Менавіта з гэтай першай варкі і вядзе сваё летазлічэнне «Лідскае піва». Гэтак смелы крок прадпрымальнага лідчаніна — выкарыстаць зямлю рацыянальна — заклаў падмурак вытворчасці, якой наканавана было перажыць эпохі, гістарычныя хваляванні і зрабіцца сімвалам горада, а потым і ўсёй піваварнай традыцыі Беларусі.
Прыродная кемлівасць і здольнасць пераўтвараць заганы ў вартасці не раз дапамагалі сям’і заснавальніка ў цяжкія часы. На пачатку мінулага стагоддзя, у часы сухога закону, «з мэтай пазбегнуць страт для казны і завода», на прадпрыемстве пачалі выпускаць напой мацункам да 1,5%. Крыху пазней у адказ на патрэбы войска тут з’явіўся легендарны лідскі квас. Да таго часу на бочках ужо даўно красаваўся пазнавальны алень, які абапіраўся на бочку. Гэты сімвал, які часам памылкова звязвалі з гербам Гродна, стаў сапраўдным таварным знакам дынастыі.
Чуйна рэагаваць і задаваць трэнды — заўсёды было моцным бокам прадпрыемства і стагоддзі таму, і цяпер. Гэтак, напрыклад, у 1940 годзе на заводзе пачалі варыць легендарнае «Жыгулёўскае» — гатунак, які выпускалі шмат якія піваварныя прадпрыемствы краіны. Ён зрабіўся не проста хітом продажаў, а і дагэтуль застаецца ў тройцы лідараў прадуктовага партфеля кампаніі.
Прадукцыя бровара была нагэтулькі якаснай, што ў 1967 годзе «Лідскае» адным з першых ва ўсім СССР атрымала права на ўласны марачны гатунак, а праз чатыры гады было ўганаравана дзяржаўным «Знакам якасці». Папулярнасць аказалася такой, што брэнды «Лідскае піва» і «Лідскі квас» атрымалі ахову таварных знакаў па геаграфічным паходжанні, назаўсёды закрыўшы пытанне пра несумленнае капіраванне.
У 2008 годзе ў супрацоўніцтве з фінскім канцэрнам Olvi Oyj завод мадэрнізавалі, уклаўшы больш за 80 мільёнаў еўра. Восем новых фінскіх танкаў для піва, кожны вышынёй з пяціпавярховік, везлі з Фінляндыі спецыяльным транспартам у суправаджэнні ДАІ. Мадэрнізацыю завяршылі якраз да 140-годдзя прадпрыемства. Тады ж на этыкетку вярнуўся легендарны алень, а сам брэнд «загаварыў» на беларускай мове: «Лидское» стала тым самым «Лідскім».
Чатыры гады таму ў гістарычным будынку бровара адкрыўся Музей лідскага піваварства. Толькі за мінулы год яго наведалі больш за 40 тысяч гасцей з Беларусі і замежжа. А нядаўна ў кампаніі з’явіўся Музей піва і ў Мінску. Сацыяльную і культурную адказнасць брэнда цяжка пераацаніць: прадпрыемства рэгулярна падтрымлівае ўстановы аховы здароўя, адукацыі і спорту.
За бесперапынным поспехам прадпрыемства стаяць сучасныя тэхналогіі і строгі кантроль якасці. Апошнія пяць гадоў сталі для завода часам маштабных змен. Інвестыцыі ў мадэрнізацыю перавысілі 17 мільёнаў еўра, і стратэгія тэхналагічнага развіцця ўжо прынесла вынік: у 2024 годзе прадпрыемства стала пераможцам конкурсу «Лідар прамысловасці» ў галіне эфектыўнай вытворчасці.
Пачалі з вады. Шэсць гадоў таму тут адмовіліся ад хларавання на карысць ультрафіялетавай апрацоўкі. Гэта рашэнне дапамагло давесці якасць вады да сусветных стандартаў. А летась стартавала будаўніцтва ўласных ачышчальных збудаванняў: неўзабаве вада будзе вяртацца ў адкрытыя вадаёмы, а атрыманая ў працэсе энергія — пакрываць патрэбы аб’екта. Завяршыць праект плануюць напрыканцы 2026 года.
Услед — новыя магутнасці. Аўтаматычная лінія разліву ў банкі, запушчаная ў канцы 2020-га, дазволіла адмовіцца ад старонніх пляцовак і замкнуць кантроль якасці на заводзе. Пашырэнне парку ёмістага абсталявання зняло «вузкія месцы» ў вытворчым цыкле, а ўсталяваны ў лютым 2026-га аўтаматычны міксер дадаў гнуткасці ў планаванні.
Лічбавізацыя прыйшла на завод разам з фінскай сістэмай энергаманіторынгу EnergyTrack. Гэта дазволіла павялічыць прадукцыйнасць на траціну, выключыўшы ўплыў чалавечага фактару на чысціню квасу. Мадэрнізацыя міксераў CO₂ скараціла расход газу на чвэрць за пяць гадоў, знізіўшы выдаткі, а адмова ад аднаразовай тары — вугляродны след.
Кантроль якасці выйшаў на новы ўзровень. З гэтага года на заводзе дзейнічае сістэма маркіроўкі «Астран»: кожная адзінка прадукцыі адсочваецца ад цэха да прылаўка. У прэміяльным сегменце з 2022 года асвойваюць тэхналогію сухога ахмялення, выпускаючы лімітаваныя серыі IPA. Мадэрнізацыя сістэмы ахалоджвання квасу ў 2024-м прыбрала вузкае месца ў тэхналагічным ланцужку — крытычна важнае рашэнне для сезонных пікавых нагрузак. За пяць гадоў магутнасць па вытворчасці безалкагольных напояў вырасла на 27 працэнтаў.
Тэхналагічнасць працэсу пацверджана на міжнародным узроўні. Штогадовыя аўдыты SGS і строгія праверкі PepsiCo (вынік: вышэй за 97%) пацвярджаюць адпаведнасць сусветным стандартам якасці. У 2021-м кампанія атрымала ўзнагароду Silver PepsiCo 3PM Service Performance Excellence Award, а з 2020 года паспяхова прайшла шэсць неабвешчаных AIB-аўдытаў, якія пацвярджалі найвышэйшы ўзровень культуры бяспекі.
Асобнай увагі заслугоўвае лагістыка: сістэма кіравання складам, кіравання маршрутамі і «Электронная чарга» забяспечваюць высокі ўзровень сэрвісу.
Сёння «Лідскае піва» — гэта магутны тэхналагічны лідар, поспех якога вымяраецца не проста ўражальнымі лічбамі (350 мільёнаў літраў у год, партфель з 200 пазіцый, экспарт у 20 краін свету), а безумоўнай павагай суайчыннікаў. Брэнд № 1 у катэгорыях «Піва», «Квас» і «Вытворца піва», а таксама ўладальнік узнагароды «Народнае прызнанне» ў спецыяльнай намінацыі прэміі «Народная марка».
Аднак за гэтымі лічбамі хаваецца галоўнае: уменне клапатліва ставіцца да традыцый.
— Носель Пупко наўрад ці мог меркаваць, што яго справа перажыве час, а на завод прыйдуць такія тэхналогіі, — разважаюць у кампаніі. — Хутчэй за ўсё, ён проста верыў у якасць. І гэта аказваецца мацнейшым за любыя абставіны.
Вы збіраецеся наведаць сайт, на якім ёсць інфармацыя аб прадуктах, якія змяшчаюць алкаголь
Вам споўнілася 18 гадоў?
Калі вам стала вядома аб фактах парушэння антыкарупцыйнага заканадаўства ў Адкрытым акцыянерным таварыстве «Лідскае піва», паведаміце пра гэта на адрас: anticorruption@Lidskae.by
Ваша інфармацыя дазволіць спыніць карупцыйнае правапарушэнне. Канфідэнцыяльнасць гарантавана.