«Лідскае піва» агучыла вынікі дзейнасці за 2016 год

«Лідскае піва» агучыла вынікі дзейнасці за 2016 год

Па выніках 2016 года ААТ «Лідскае піва» стала адным з лідараў у катэгорыі «піва» па Беларусі, узмацніла сваю прысутнасць у расійскіх федэральных сетках, а таксама значна павялічыла аб’ём квасу на экспарт.

Катэгорыя «піва» заставалася прыярытэтным накірункам дзейнасці кампаніі ў 2016 годзе. На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь было рэалізавана 84 133 тысяч літраў піва. У прадуктовым партфелі кампаніі з’явілася рэкордная колькасць навінак — 10 гатункаў. Тэмп росту кампаніі ў піўной катэгорыі ў параўнанні з 2015 годам склаў 107%. Па выніках 2016 года доля ААТ «Лідскае піва» сярод беларускіх вытворцаў піва (з улікам імпарту) вырасла на 1,6% і склала 19,7%.

У катэгорыі «квас» «Лідскае піва» займае стабільную пазіцыю з доляй на рынку 58,3%. Па дадзеных БДХП за студзень—снежань 2016 года ў Беларусі было рэалізавана 50 801 тысяч літраў квасу, з якіх 29 639 тысяч літраў — квас «Лідскі».

У 2016 годзе кампанія пачала супрацоўніцтва з буйнымі федэральнымі сеткамі Расіі. Тэмпы росту экспартаванага квасу склалі 177,1%. У сувязі з гэтым ААТ «Лідскае піва» ставіць перад сабой амбіцыйную задачу — вывесці квас у разрад міжнароднага брэнда.

Сярод важных дасягненняў юбілейнага для кампаніі года — рэбрэндынг кампаніі і пераход на беларускамоўную камунікацыю, рост папулярнасці фестывалю хмелю, соладу і вады LIDBEER, а таксама прызнанне міжнародных экспертаў.

У рамках рэбрэндынгу ААТ «Лідскае піва» цалкам абнавіла свой візуальны вобраз і камунікацыю са спажыўцамі. Беларуская мова з’яўляецца асноўнай на карпаратыўным сайце, прысутнічае ў афармленні этыкетак і камунікацыі лінейкі «ЛІДСКАЕ» і крафтавай серыі «Калекцыя Майстра». Да карыстальнікаў сацыяльных сетак і прадстаўнікоў СМІ кампанія таксама пачала звяртацца па-беларуску.

Фестываль хмелю, соладу і вады LIDBEER стаў адным з самых маштабных музычна-піўных фестываляў Беларусі і прыцягнуў больш за 100 000 гасцей.

Якасць прадукцыі ААТ «Лідскае піва» была адзначана на такіх прэстыжных конкурсах, як International Beer Challenge (Лондан, Велікабрытанія), Superior Taste Award (Брусель, Бельгія), International Craft Beer Award (Нойштат, Германія) і Міжнародным форуме «Піва»” (Сочы, Расія).

ПАДПІСАЦЦА НА НАВІНЫ

Падпісацца на навіны
Форма адпраўлена паспяхова.