Артэфакт захаваўся ў ідэальным стане, на ім лёгка чытаецца заводскае кляймо і арыгінальны надпіс на польскай мове — «BROWAR PAROWY M.PUPKO LIDA WŁASNOŚĆ NIESPRZEDAJNA 0,5L».
У перакладзе: «Паравы бровар М. Пупко, Ліда. Уласнасць. Не для продажу. 0,5 л». Улічваючы надпіс на польскай мове, можна меркаваць, што бутэлька была выраблена ў перыяд з 1921 па 1939 год, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы. Такія бутэлькі выкарыстоўваліся для фірмавага разліву і маркаваліся як «уласнасць не для продажу», што падкрэслівала прыналежнасць тары заводу. Так, на пачатку 20 стагоддзя піва разам з бутэлькай не прадавалася. Прычына – высокі кошт шкляной тары. Набываючы прадукт у краме, пакупнік альбо выпіваў змесціва на месцы, альбо пераліваў у сваю тару: шклянкі, бітоны, збаны.
Таксама такога кшталту надпіс абараняў піва ад падробак. Справа ў тым, што набыўшы бутэлькі з арыгінальным півам, шмат якія нядобрасумленныя грамадзяне спрабавалі разліць у іх свой прадукт, прыгатаваны саматужным чынам.
Дарэчы кажучы, рэклама таго часу падкрэслівала менавіта тое, што піўныя бутэлькі – гэта ўласнасць завода і заклікала пакупнікоў таго часу звяртаць увагу на арыгінальныя бутэлькі і набываць прадукт толькі ў іх.
Бутэльку першай паловы ХХ стагоддзя на сваёй будаўнічай дзялянцы знайшоў жыхар Ліды Ігар Зубко:
— Я набыў дзялянку, на якой раней стаяла хата 1939 года пабудовы. Разбіраючы рэшткі гэтай хаты, я і знайшоў мех з бутэлькамі. Сярод простых, не маркаваных аніяк бутэлек і знайшоў гэту пярліну. Вядома, як жыхар Ліды, я ведаў, хто такі Пупко, таму ў той жа дзень адвёз знаходку ў Музей лідскага бровара.
Папаўненне музейных фондаў — гэта важная частка працы супрацоўнікаў Музея лідскага бровара, якія імкнуцца не толькі захоўваць, але і прымнажаць культурную спадчыну, робячы яе даступнай для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Лідскага піва і наогул піваварнай справы Беларусі.
Калі ў вас ёсць прадметы, якія маглі б стаць часткай музейнай калекцыі, мы будзем радыя разгледзець магчымасці іх уключэння ў экспазіцыю.
У вас ёсць цікавы экспанат? Напішыце нам пра гэта на пошту: lidski.brovar@lidskae.by