140 гадоў Лідскага

У дакументах Вялікага Княства Літоўскага бровары ўпершыню згадваюцца ў XVI стагоддзі. У 1876 г. лідскі мешчанін Носель Зелікавіч Пупко будуе піўны завод. Праз 140 год лідскі бровар пацвердзіць статус найстарэйшага
з дзеючых піваварных заводаў Беларусі.

1590

У Лідзе з’яўляецца піва

У дакументах Вялікага Княства Літоўскага бровары ўпершыню згадваюцца ў XVI стагоддзі. У найбліжэйшыя два стагоддзі піва на продаж вараць пры корчмах і дварах. Занятак асабліва распаўсюджаны на тэрыторыі сучаснай Паўночна-Заходняй і Цэнтральнай Беларусі. Піва тых часоў па паходжанні падзяляецца на шляхецкае і манастырскае. Гатункі часта атрымліваюць назвы ў гонар святаў народнага календара — «Пакроўскае», «Змітраўскае», «Міхайлаўскае», «Мікольскае».

Піваварам ВКЛ было вядомае сакавіцкае піва. «Мерцэн» — традыцыйны вясновы гатунак, у які дадаюць больш хмелю. Цяпер самае вядомае «Сакавіцкае» вараць у Германіі і Аўстрыі. «Сакавіцкае» мацнейшае за звычайнае — у ім у сярэднім 5,8% алкаголю.

Лідскія мяшчане разам з Магдэбургскім правам атрымліваюць дазвол на будаўніцтва піўнога завода ў 1590 г. У 1680 г. у Лідзе ўжо 19 мядовых, гарэлачных і піўных корчмаў. Дзесяць трымаюць хрысціяне, дзевяць — яўрэі. Корчмы канцэнтруюцца на вуліцах Каменскай (цяпер Ленінская) і Віленскай (цяпер Савецкая).

1876

1876 год — нараджэнне завода

Лідскі месціч Носель Зелікавіч Пупко будуе піўны завод на ўласным участку. Вузкі доўгі кавалак зямлі памерам з палову хакейнай пляцоўкі цягнецца ад вуліцы Віленскай да рэчышча ракі Лідзейкі. Першую варку піва адзначаюць цаглянай кладкай на заводскай трубе: літары «СУЩ 1876» захаваліся дагэтуль. Ля самой вуліцы знаходзіцца дом Пупко, а ў двары — заводскія пабудовы: двухпавярховы завод з канторай і асобныя будынкі сушні і брадзільнага аддзялення.

У 1876 г. завод Пупко — трэці бровар Ліды. Першы завод, Э. Ландо і Д. Камянецкага, неўзабаве знікне. Другі, піўзавод Я. Папірмайстэра, доўга будзе галоўным канкурэнтам Пупко. У 1944 г. яго перабудуюць у камбінат харчовых канцэнтратаў. Завод Носеля перажыве рэвалюцыі і войны.

1899

Завод пашыраецца

Завод Носеля Пупко няспынна перабудоўваецца і пашыраецца. Падчас чарговай інспекцыі губернскі інжынер адзначае: «…завод знаходзіцца ў здавальняючым стане, і дзеянне яго можна дапусціць, але варта абавязаць Пупко, каб ён перабудаваў лесвіцы на заводзе, як паказана ў плане, і да таго ж з незгаральнага матэрыялу».

Патрабаванні інспектараў выканаюць нашчадкі Пупко — жалезныя лесвіцы аказаліся настолькі трывалымі, што захаваліся да нашых дзён.

У 1899 г. завод накіроўвае 58 вагонаў піва ў Кобрын, Беласток, Пінск, Гарадзішча, Ляхавічы. Да 1900 г. у Пупко сем аптовых складоў і некалькі піўных крам у Лідзе. Адна з іх — у будынку паліцэйскай управы. На шыльдзе: «Пиво распивочно и на вынос. Н. Пупко».

1900

Алень з этыкеткі

1899 ці 1900 г., першая вядомая этыкетка завода «Столовое пиво пивоваренного завода Н. Пупко» — недарагі, масавы гатунак. Пра гэта красамоўна кажа выява паспалітага гарэзы з куфлем і бутэлькай. Заводскае кляймо, алень, які абапіраецца на бочку, прысутнічае на трыццаці этыкетках завода. Што менавіта сімвалізаваў гэты таварны знак для Носеля Пупко, не зусім зразумела. Часам яго памылкова атаясамліваюць з гербам Гродна, на якім выяўлены алень Святога Губерта. Аднак у аленя з герба між рагоў каталіцкі крыж, і, акрамя сюжэта, іншых падабенстваў няма. Высакародныя жывёлы на этыкетцы — распаўсюджаны тагачасны сюжэт: горны казёл на каньяках Давіда Сараджава, арол з гронкай вінаграду на гарэлцы Івана Смірнова, воўк са свірнавым замком у пашчы на прадукцыі фірмы Зімуліна.

1900-я

Новае стагоддзе — «чыстыя» стандарты

1901 год. Ліда — другі па велічыні горад Віленскай губерні. У Расійскай імперыі прымаюць аналаг нямецкага закона пра чысціню піва: варыць варта толькі з соладу, хмелю, дражджэй і вады.

У 1900-м ва ўзросце 75 гадоў памёр Носель Пупко, купец другой гільдыі, заснавальнік лідскага піўнога завода. Прадпрыемства цяпер належыць яго сынам: Іцку, Гершу, Абраму і Мейлаху. Кіруюць заводам Абрам і Мейлах, малодшыя браты.

З 1903 г. на этыкетках з’яўляюцца срэбныя медалі. Напрыклад, узнагарода Міжнароднай выставы ў Рэймсе (Францыя).

1905

Нёманскае шкло

Завод надае вялікую ўвагу афармленню прадукцыі. Бутэлькі для піва ў гэты перыяд своеасаблівыя і вытанчаныя, на шкле пазначаюцца атрыбуты завода.

Пупко замаўляюць піўныя бутэлькі на шклозаводзе В. Краеўскага і Ю. Столе ў Бярозаўцы, цяпер — «Нёман».

1910

Залатая эпоха

1908 год. Мейлах Пупко выкупляе долю прадпрыемства ў брата Абрама.

1910 год. У Лідзе прамысловы і піўны бум. Два гарадскія піўзаводы вараць 4 мільёны 880 тысяч літраў піва ў год — больш за ўсіх на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

У 1913 г. у горадзе працуе 41 піўная крама, у доме Пупко месціцца піўны шынок.

1914

Сухі закон і квас для Чырвонай арміі

17 ліпеня 1914 г., падчас Першай сусветнай, прымаецца закон пра забарону вытворчасці і продажу алкаголю — адна з шэрагу мер па правядзенні мабілізацыі. У чэрвені наступнага года Мейлах Пупко дамаўляецца з мясцовымі ўладамі «дзеля прадухілення страт для казны і завода» перапрацоўваць піва ў напой з ніжэйшым за 1,5% утрыманнем алкаголю.

У канцы верасня 1915 г. Ліду акупуюць нямецкія войскі. Завод ізноў варыць піва. А ў 1919 г. горад пераходзіць да Чырвонай арміі, якая патрабуе квасу. Так у 1920 г. узнікае лідскі квас.

1921

Балагула з моцнай галавой

1921—1939 гг. Заходняя Беларусь у складзе Польшчы. Вайна, а потым сусветны эканамічны крызіс 30-х амаль знішчылі лідскае піваварства. У 20-я завод Пупко выпускае адзін гатунак піва без назвы і соладавы напой. На бутэльках — сціплыя паперкі, якія не вельмі нагадваюць піўныя этыкеткі. Вытворчасць скручваецца ў 5-7 разоў.

16 красавіка 1930 г. Мейлах Пупко перадае кіраванне заводам сваім сынам Сямёну (Шымону) і Міцю (Марку). На заводзе з’яўляюцца паравы млын і ўласная электрастанцыя. Упершыню пачынаюць вырабляць газаваныя напоі, што адзначана ў новай назве: «Браты М. і С. Пупко, бровар, саладоўня і вытворчасць газаваных вод у Лідзе».

У 1934 г. памірае Мейлах, архітэктар росквіту піўнога завода Пупко і сведка яго часовага заняпаду. Яго хаваюць побач з бацькам-заснавальнікам «Лідскага піва» Носелем Пупко на яўрэйскіх могілках. Могілкі знішчаць у 40-я. Цяпер замест іх на карце — раён вуліцы Фрунзе.

У 1937 г. на заводзе працуе 40 чалавек: 10 у адміністрацыі і 30 рабочых. Графік: будныя дні — з 7-й да 16-й гадзіны, субота — да 12-й гадзіны. Абедзенны перапынак — адна гадзіна. Заробак плацяць кожны тыдзень у суботы.

У 1938 г. лідскі піўзавод выпускае чатыры гатункі піва: «Яснае», «Дубальтовае», «Хмельнае» і «Цёмнае». Ячмень купляюць у Роўне і ў вёсках Лідскага павета, хмель — на Валыні. На заводзе робяць ліманад, квас у бутэльках і газаваную ваду.

Самы яскравы ўспамін пра тагачасных работнікаў — апісанне грузчыка, які развозіў бочкі: «Атлетычнага складу мужчына з вялікай рудой барадой па імені Балагула. Меў жалезны арганізм і моцную галаву. Мог выпіць за раз вядро піва, пасля чаго выціраў фартухом вусны і бараду і як нічога ніякага ехаў з бочкамі піва далей. Быў сам бочкай без дна» (Naruszewicz W. Wspomnienia lidzianina. Warszawa, 2001, s. 95).

1938

Таямніца Умані

У горадзе Умань, Украіна, былі знойдзеныя піўныя бутэлькі з гравіроўкай «Пивоваренный заводъ «Баварія» З. А. Пупко. Умань» і з характэрным знакам — аленем, які абапіраецца на бочку. Гісторыкі мяркуюць, што ўладальнік завода Зелік Абрамавіч Пупко — гэта ўнук заснавальніка «Лідскага піва» Носеля, які з’ехаў ва Умань і працягнуў там сямейную справу.

1939

Нацыяналізацыя

У 1939 г. у Лідзе ўсталёўваецца савецкая ўлада. 26 лістапада на падставе Дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі «Аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці» і Пастановы Часовай управы горада Ліды піўзавод Марка і Сямёна Пупко пераходзіць у падпарадкаванне Брадтрэсту Народнага камісарыята харчовай прамысловасці БССР. З Мінска прыязджае кіраўнік Брадтрэсту Гурвіч: «Адхіліў братоў Пупко ад кіравання заводам і забраў усе грошы» (з успамінаў майстра піўзавода Міхаіла Крушэўскага). Былыя гаспадары спачатку застаюцца на заводзе: «Нам дазволілі працаваць службоўцамі, але абклалі рознымі падаткамі… Мы зразумелі, што для нас тут месца няма. З’ехалі ў Вільна» (з успамінаў Сямёна Пупко).

1940

«Жигулевское»

У 1940 г. на заводзе ўпершыню вараць легендарнае «Жигулевское» — гатунак з ледзь прыкметным смакам хмелю. У асартыменце завода таксама ёсць «Русское» (выразны хмель), «Украинское» (цёмнае піва нізавога браджэння з выразным соладавым смакам і водарам). Лічыцца, што гэтыя гатункі ў 1935 г. распрацаваў УНДІ (Усесаюзны навукова-даследчы інстытут) піваварнай і вінаробнай прамысловасці. Рэцэптура «Жигулевского» супадае са складам знакамітага дарэвалюцыйнага піва «Венское», «Украинское» — гэта амаль «Мюнхенское», а «Русское» — «Пильзенское».

Згодна з легендай, назва «Жигулевское» з’яўляецца ў 1934 г., калі народны камісар харчовай прамысловасці Анастас Мікаян упадабаў у Самары смак «Венского» піва, але не яго буржуазную назву. Тады ў савецкіх стандартах пачынае фігураваць найменне «Жигулевское». Гэты гатунак хутка робіцца самым распаўсюджаным півам СССР, амаль сінонімам піва. ААТ «Лідскае піва» выпускае яго і цяпер.

1941

Акупацыя, 1941—1944 гг.

Фашысцкія войскі захопліваюць Ліду 27 чэрвеня 1941 г. У жніўні ў горад з Вільні вяртаюцца гаспадары Лідскага піўзавода Марк і Сямён Пупко з сем’ямі. Бегчы ім няма куды, Еўропа акупаваная нацыстамі. Пупко знаходзяць прытулак у ацалелай кватэры на тэрыторыі завода.

Нямецкім салдатам патрэбна піва. На завод для наладжвання варкі накіроўваюць інжынера Ёахіма Лахбілера. Усім супрацоўнікам загадана з’явіцца на завод і працягваць работы.

З успамінаў Сямёна Пупко: «Тэрыторыя завода аказалася для нас аазісам. Тут мы жылі і працавалі нармальна, нягледзячы на тое, што ў горадзе лютавалі нацысты. Памятаем, як мы, усе 42 яўрэйскія рабочыя, зладзілі на заводзе сэдэр на Песах, увесну 1942 года. Праз некалькі тыдняў, 8 траўня, калі ў гета праводзілася крывавая «акцыя», Ёахім не пусціў на завод эсэсаўцаў, якія хацелі нас забраць. Потым яго адправілі на фронт. На яго месца прыслалі Ганенберга, ад’ютантам якога была жанчына Меркел — садыстка па натуры. У 1943 г. на завод прыехаў Ёахім атрымліваць піва для сваёй вайсковай часткі. Ён папярэдзіў, што нам пагражае смерць і трэба ўцякаць у лес…».

17 верасня яўрэяў Ліды вывозяць цягніком у канцлагер Майданэк. У некаторых атрымліваецца ўцячы. Марк з сям’ёй хаваецца ў сялянскай сям’і, Сямён далучаецца да партызанскага атрада Бельскіх.

Савецкія войскі вызваляюць горад 8 ліпеня 1944 г. Праз дзесяць дзён бровар перадаюць у распараджэнне гарвыканкама.

1944

Англійскія шпіёны п’юць лідскае піва

У першыя дні пасля вызвалення на чале завода становіцца былы таваразнаўца УГПА (Усесаюзнага галантарэйна-парфумернага аб’яднання) «Цэнтрасаюз» Сяргей Пішчык. Наладжваць працу на заводзе няпроста. З успамінаў супрацоўнікаў: «Завод знаходзіўся ў хаосным стане. Уся тэрыторыя завода і цэха была засмечаная і заваленая. На складах не было ні збожжа, ні соладу, ніводнай транспартнай бочкі. Адзінае багацце завода — лагернае піва ў сутарэннях, запас вуглякіслага газу ў колькасці каля 5 тон, хмель каля 2,5 тон і піўныя бутэлькі ў колькасці звыш 120 тысяч. Гэта ўсё, з чым адміністрацыя завода мусіла ўзяцца за працу».

21 ліпеня новы дырэктар запрашае на працу Марка і Сямёна Пупко. Сям’я на савецкім прадпрыемстве доўга не пратрывае. Неўзабаве яны пакінуць і завод, і краіну: даедуць да Бельгіі, адкуль сям’я Марка выправіцца ў Канаду, а сям’я Сямёна — у Мексіку. У ліпені 2005 г. праўнучка заснавальніка завода Носеля Пупко Маша Коэн, уладальніца буйнога мексіканскага хімічнага прадпрыемства, разам з мужам, дзецьмі і ўнукамі, агулам 15 чалавек, прыедуць у госці на завод «Лідскае піва».

Бондар Тадэвуш Вансевіч прыгадваў, што ў 1944 г. вазіў піва ангельскім лётчыкам: «У іх эмблема была — тры колцы адно ў адным. Я кожны дзень вазіў ім піва на “Шэўрале”».

Што робяць англічане ў Лідзе? У горадзе базуецца 240-я Невельская знішчальная дывізія, якой камандуе Герой Савецкага Саюза, палкоўнік (пазней маршал) Георгій Васільевіч Зімін. Зімін напіша ва ўспамінах, што дывізіі перадалі найноўшую распрацоўку — савецкі самалёт Як-3, «паглядзець» на які ў верасні 1944 г. на самалёце Дуглас С-47 прыляцелі 14 англічан, большасць — прадстаўнікі арыстакратычных сем’яў. Разведчыкам зладзілі банкет на ўвесь свет, а потым паказалі ў дзеянні самалёт, найлепшы тагачасны знішчальнік.

1950-я

Піва 50-х

На заводзе пачынаюць варыць цёмнае, амаль чорнае, «Бархатнае піва» (сумесь «Жигулевского», «Украинского» і карамельнага соладу). Робяць «Московский» квас у бочках і бутэльках.

У 1953 г. распачынаецца рэканструкцыя: за тры пяцігодкі ўсталююць 69 піўных танкаў аб’ёмам 15 600 літраў кожны і 20 брадзільных чанаў. Рэканструкцыяй кіруе новы дырэктар Георгій Сляпцоў (кіраваў заводам з 1952 па 1973 год). Пра яго прыгадваюць: «Ведаў усіх супрацоўнікаў завода па імені і імені па бацьку. Любіў гаварыць працяглыя тосты. Кожны тост — гэта як паэма пра чалавека, пра яго сям’ю. Сляпцоў быў гаспадар. Ён быў арганізатарам вытворчасці».

1967

Брэнд «Лідскае»

Піва «Лідскае» з’яўляецца ў крамах у 1967 г. Яго аўтары — галоўны півавар Марыя Галяева і загадчыца лабараторыі завода Паліна Смірнова.

Па смаку «Лідскае» нагадвае «Дубальтовае», якое варылі Пупко ў 30-я. Шчыльнасць — 13%, мацунак — 4 градусы. Ячмень для «Лідскага» вязуць з Францыі і Польшчы, а хмель — з Украіны і ЗША.

Марыя Галяева прыгадвае: «Нам у Белпіўтрэсце сказалі: вы мусіце стварыць сваё новае лідскае піва. Мы і стварылі».

1976

«Знак Пашаны» на стагоддзе «Лідскага піва»

У 1976 г. «Лідскаму піву» спаўняецца 100 гадоў. У ліпені завод узнагароджваюць ордэнам «Знак Пашаны» «за паспяховае выкананне заданняў 9-й пяцігодкі і ў сувязі са 100-годдзем з дня заснавання». Такую ўзнагароду тады мелі два піваварныя заводы: імя Сцяпана Разіна ў Ленінградзе і імя А. Я. Бадаева ў Маскве (да 1934 г. — Трохгорны піваварны завод).

Ордэн срэбны. Сцягі і зорка аздобленыя рубінава-чырвонай эмаллю з пазалочанымі абрысамі. Таксама пазалочаныя дрэўкі сцягоў і надпісы. Пяцівугольная калодка, з якой злучаны ордэн, абцягнутая шаўковай муаравай стужкай светла-ружовага колеру з дзвюма падоўжнымі аранжавымі палоскамі па краях.

«Знак Пашаны» выдаюць адметным прадпрыемствам, арганізацыям, населеным пунктам і людзям. Гэта самая значная ўзнагарода, якую мог атрымаць калектыў савецкага прадпрыемства.

У 1980 г. ордэн атрымаў горад Ліда на 600-годдзе.

1970-я

«Буратино» і «Байкал»

У 70-я на заводзе вырабляюць два самыя настальгічныя безалкагольныя напоі савецкай эпохі. Цёмна-брунатны «Байкал» — кампазіцыя з натуральнымі эфірнымі алеямі і экстрактамі духмяных траваў. Ліманад «Буратино» — кісла-салодка-горкі смак лімона і яблыка. Мюзікл 1976 г. паводле казкі Аляксея Талстога не спадабаўся замоўцу — «Беларусьфільму», але прывёў у захапленне гледачоў. Поспех пастаноўкі ўдала выкарыстоўваюць вытворцы ліманадаў па ўсім Саюзе.

1980

Антыалкагольная кампанія

У 1985 г. пачынаецца ўсесаюзная барацьба з п’янствам. Урад абмяжоўвае вытворчасць алкагольных напояў, у тым ліку і піва. Завод актыўна пераключаецца на ахаладжальны асартымент. У найбліжэйшую пяцігодку «Лідскае піва» робіць дзясяткі напояў з паэтычнымі назвамі: «Восточный», «Утро», «Черничный», «Рабінавы», «Исинди», «Вересок», «Вечерний Арбат» і іншыя.

1991

Незалежнасць і прыватная ўласнасць

19 верасня 1991 года на палітычнай карце свету ўзнікае Рэспубліка Беларусь. У 1992 г. піўзавод ператвараецца ў арэнднае прадпрыемства, а ў 1994 г. — у акцыянернае таварыства закрытага тыпу.

Лідскі завод зведвае ўсе складанасці пераходнага перыяду: рост цэнаў на 26-30% у месяц, валютны дэфіцыт, акцызны збор у 40%, які збліжае цану бутэлькі піва і пладова-ягаднага віна на прылаўку.

90-я — адзіны этап у гісторыі прадпрыемства, калі на лініі разліваюць моцны алкаголь. Піва «Лідскае» знікае з крамаў. Напрыклад, у Мінску яго прадаюць толькі ў адным універсаме.

1996

«Тры караля»

У 1996 г. разам з аўстрыйскімі піваварамі Eggenberg International лідчане запускаюць чэшскую лінію разліву піва, якую купілі яшчэ ў 1991 годзе. Першы вынік яе працы — піва «Король хмеля», з нямецкім хмелем і французскім соладам. Завод «Лідскае піва» першым у краіне разлівае пастэрызаванае піва ў бутэлькі.

У 2003—2004 гг. разам з чэшскімі прамыслоўцамі Preiss s.r.o «Лідскае піва» будуе варачны цэх з камп’ютарызаванай чэшскай варніцай і новае брадзільнае аддзяленне. Магутнасць завода павялічваецца амаль удвая — да 60 млн літраў піва ў год.

Першае піва, якое вараць на абноўленым заводзе, — «Три короля». Яго распрацоўваюць чэшскія і мясцовыя півавары. Адна з найбольш тытулаваных лінеек у гісторыі завода: 14 залатых медалёў на міжнародных і беларускіх конкурсах за 2005—2008 гг.

У 2000-я з’яўляюцца безалкагольная «Нулёвочка» і «Лідскае Premium» — новыя ўдалыя гатункі лідскага піўнога шэрагу.

2008

Канцэрн Olvi

У 2008 г. акцыянеры ААТ «Лідскае піва» знаходзяць інвестара — фінскі канцэрн Olvi Oyj, які аб’ядноўвае півавараў A. Le Coq з Эстоніі, Cesu Alus з Латвіі, Volfas Engelman з Літвы і Olvi з Фінляндыі. Генеральным дырэктарам «Лідскага піва» з 30 сакавіка 2009 г. робіцца Аўдрус Мікшыс.

У 2009 г. пачынаецца першы этап інвестыцый. Да 2012 г. завод атрымае больш за 40 мільёнаў еўра, а да 2016 — яшчэ 41 мільён.

Восем новых фінскіх танкаў для піва, кожны аб’ёмам 200 м3 і вышынёй 18 м, з пяціпавярховік, вязуць з Фінляндыі спецыяльным транспартам. У Беларусі калону суправаджае ДАІ. У 2012 г. на «Лідскім піве» ўсталяваны новы аўтаматызаваны і камп’ютарызаваны вытворчы комплекс.

На этыкетку вяртаецца герб, абраны 130 гадоў таму заснавальнікам завода Носелем Пупко. Захаваны арыгінальны колер старога заводскага кляйма — чырвоны. Шчыт на гербе абвівае арнамент з залацістых галінак хмелю.

2016

140 гадоў «Лідскаму піву»

У 2016 г. півавары да 140-годдзя завода выпускаюць нашумелыя навінкі: флагманскі лагер «ЛIДСКАЕ Легенда», а таксама лімітаваны гатунак «Лидскае 140», адсылку да старадаўніх марак «Царское» і «Идеалъ». Сучасныя півавары выкарыстоўвалі тыя ж гатункі соладу, што і Пупко ў XIX стагоддзі: «шато мюнік лайт» і «шато кара клэр».

У верасні ў Лідзе адбываецца фестываль хмелю, соладу і вады LidBeer: на яго з’язджаецца 100 000 чалавек з усёй краіны і блізкага замежжа.

2016-ы — год, калі «Лидское» ператварылася ў «ЛIДСКАЕ», брэнд пачынае гаварыць па-беларуску.

2017

Найстарэйшы бровар Беларусі

Падчас збору матэрыялу для другога выдання кнігі аб гісторыі беларускага броварства спецыялісты Лідскага гісторыка-мастацкага музея наведалі архівы Гродна, Мінска і Вільнюса. У пошуках новых дадзеных архівісты выявілі факты, якія сведчаць аб тым, што бровар у Лідзе з’яўляецца найстарэйшым з тых, якія па сённяшні дзень дзейнічаюць у Беларусі. Экспертыза вышэйшага акадэмічнага органа Рэспублікі Беларусь у галіне гісторыі — Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь — пацвердзіла гэтыя факты.