У дакументах Вялікага Княства Літоўскага бровары ўпершыню згадваюцца ў XVI стагоддзі. У найбліжэйшыя два стагоддзі піва на продаж вараць пры корчмах і дварах. Занятак асабліва распаўсюджаны на тэрыторыі сучаснай Паўночна-Заходняй і Цэнтральнай Беларусі. Піва тых часоў па паходжанні падзяляецца на шляхецкае і манастырскае. Гатункі часта атрымліваюць назвы ў гонар святаў народнага календара — «Пакроўскае», «Змітраўскае», «Міхайлаўскае», «Мікольскае».
Піваварам ВКЛ было вядомае сакавіцкае піва. «Мерцэн» — традыцыйны вясновы гатунак, у які дадаюць больш хмелю. Цяпер самае вядомае «Сакавіцкае» вараць у Германіі і Аўстрыі. «Сакавіцкае» мацнейшае за звычайнае — у ім у сярэднім 5,8% алкаголю.
Лідскія мяшчане разам з Магдэбургскім правам атрымліваюць дазвол на будаўніцтва піўнога завода ў 1590 г. У 1680 г. у Лідзе ўжо 19 мядовых, гарэлачных і піўных корчмаў. Дзесяць трымаюць хрысціяне, дзевяць — яўрэі. Корчмы канцэнтруюцца на вуліцах Каменскай (цяпер Ленінская) і Віленскай (цяпер Савецкая).
Лідскі месціч Носель Зелікавіч Пупко будуе піўны завод на ўласным участку. Вузкі доўгі кавалак зямлі памерам з палову хакейнай пляцоўкі цягнецца ад вуліцы Віленскай да рэчышча ракі Лідзейкі. Першую варку піва адзначаюць цаглянай кладкай на заводскай трубе: літары «СУЩ 1876» захаваліся дагэтуль. Ля самой вуліцы знаходзіцца дом Пупко, а ў двары — заводскія пабудовы: двухпавярховы завод з канторай і асобныя будынкі сушні і брадзільнага аддзялення.
У 1876 г. завод Пупко — трэці бровар Ліды. Першы завод, Э. Ландо і Д. Камянецкага, неўзабаве знікне. Другі, піўзавод Я. Папірмайстэра, доўга будзе галоўным канкурэнтам Пупко. У 1944 г. яго перабудуюць у камбінат харчовых канцэнтратаў. Завод Носеля перажыве рэвалюцыі і войны.
Завод Носеля Пупко няспынна перабудоўваецца і пашыраецца. Падчас чарговай інспекцыі губернскі інжынер адзначае: «…завод знаходзіцца ў здавальняючым стане, і дзеянне яго можна дапусціць, але варта абавязаць Пупко, каб ён перабудаваў лесвіцы на заводзе, як паказана ў плане, і да таго ж з незгаральнага матэрыялу».
Патрабаванні інспектараў выканаюць нашчадкі Пупко — жалезныя лесвіцы аказаліся настолькі трывалымі, што захаваліся да нашых дзён.
У 1899 г. завод накіроўвае 58 вагонаў піва ў Кобрын, Беласток, Пінск, Гарадзішча, Ляхавічы. Да 1900 г. у Пупко сем аптовых складоў і некалькі піўных крам у Лідзе. Адна з іх — у будынку паліцэйскай управы. На шыльдзе: «Пиво распивочно и на вынос. Н. Пупко».
1899 или 1900 г., первая известная этикетка завода «Столовое пиво пивоваренного завода Н. Пупко» — недорогой, массовый сорт. Об этом красноречиво сообщает изображение веселого простолюдина с бокалом и бутылкой. Заводское клеймо, олень, опирающийся на бочку, присутствует на тридцати этикетках завода. Что именно символизировал этот товарный знак для Носеля Пупко, не совсем ясно. Иногда его ошибочно связывают с гербом Гродно, на котором изображен олень Святого Губерта. Однако у оленя с герба между рогами католический крест, и, кроме сходства сюжета, других пересечений нет. Благородные животные на этикетке — распространенный сюжет того времени: горный козел на коньяках Давида Сараджева, орел с виноградной кистью на водке Ивана Смирнова, волк с амбарным замком в пасти на продукции фирмы Зимулина.
1901 год. Ліда — другі па велічыні горад Віленскай губерні. У Расійскай імперыі прымаюць аналаг нямецкага закона пра чысціню піва: варыць варта толькі з соладу, хмелю, дражджэй і вады.
У 1900-м ва ўзросце 75 гадоў памёр Носель Пупко, купец другой гільдыі, заснавальнік лідскага піўнога завода. Прадпрыемства цяпер належыць яго сынам: Іцку, Гершу, Абраму і Мейлаху. Кіруюць заводам Абрам і Мейлах, малодшыя браты.
З 1903 г. на этыкетках з’яўляюцца срэбныя медалі. Напрыклад, узнагарода Міжнароднай выставы ў Рэймсе (Францыя).
Завод надае вялікую ўвагу афармленню прадукцыі. Бутэлькі для піва ў гэты перыяд своеасаблівыя і вытанчаныя, на шкле пазначаюцца атрыбуты завода.
Пупко замаўляюць піўныя бутэлькі на шклозаводзе В. Краеўскага і Ю. Столе ў Бярозаўцы, цяпер — «Нёман».
1908 год. Мейлах Пупко выкупляе долю прадпрыемства ў брата Абрама.
1910 год. У Лідзе прамысловы і піўны бум. Два гарадскія піўзаводы вараць 4 мільёны 880 тысяч літраў піва ў год — больш за ўсіх на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
У 1913 г. у горадзе працуе 41 піўная крама, у доме Пупко месціцца піўны шынок.
17 ліпеня 1914 г., падчас Першай сусветнай, прымаецца закон пра забарону вытворчасці і продажу алкаголю — адна з шэрагу мер па правядзенні мабілізацыі. У чэрвені наступнага года Мейлах Пупко дамаўляецца з мясцовымі ўладамі «дзеля прадухілення страт для казны і завода» перапрацоўваць піва ў напой з ніжэйшым за 1,5% утрыманнем алкаголю.
У канцы верасня 1915 г. Ліду акупуюць нямецкія войскі. Завод ізноў варыць піва. А ў 1919 г. горад пераходзіць да Чырвонай арміі, якая патрабуе квасу. Так у 1920 г. узнікае лідскі квас.
1921—1939 гг. Заходняя Беларусь у складзе Польшчы. Вайна, а потым сусветны эканамічны крызіс 30-х амаль знішчылі лідскае піваварства. У 20-я завод Пупко выпускае адзін гатунак піва без назвы і соладавы напой. На бутэльках — сціплыя паперкі, якія не вельмі нагадваюць піўныя этыкеткі. Вытворчасць скручваецца ў 5-7 разоў.
16 красавіка 1930 г. Мейлах Пупко перадае кіраванне заводам сваім сынам Сямёну (Шымону) і Міцю (Марку). На заводзе з’яўляюцца паравы млын і ўласная электрастанцыя. Упершыню пачынаюць вырабляць газаваныя напоі, што адзначана ў новай назве: «Браты М. і С. Пупко, бровар, саладоўня і вытворчасць газаваных вод у Лідзе».
У 1934 г. памірае Мейлах, архітэктар росквіту піўнога завода Пупко і сведка яго часовага заняпаду. Яго хаваюць побач з бацькам-заснавальнікам «Лідскага піва» Носелем Пупко на яўрэйскіх могілках. Могілкі знішчаць у 40-я. Цяпер замест іх на карце — раён вуліцы Фрунзе.
У 1937 г. на заводзе працуе 40 чалавек: 10 у адміністрацыі і 30 рабочых. Графік: будныя дні — з 7-й да 16-й гадзіны, субота — да 12-й гадзіны. Абедзенны перапынак — адна гадзіна. Заробак плацяць кожны тыдзень у суботы.
У 1938 г. лідскі піўзавод выпускае чатыры гатункі піва: «Яснае», «Дубальтовае», «Хмельнае» і «Цёмнае». Ячмень купляюць у Роўне і ў вёсках Лідскага павета, хмель — на Валыні. На заводзе робяць ліманад, квас у бутэльках і газаваную ваду.
Самы яскравы ўспамін пра тагачасных работнікаў — апісанне грузчыка, які развозіў бочкі: «Атлетычнага складу мужчына з вялікай рудой барадой па імені Балагула. Меў жалезны арганізм і моцную галаву. Мог выпіць за раз вядро піва, пасля чаго выціраў фартухом вусны і бараду і як нічога ніякага ехаў з бочкамі піва далей. Быў сам бочкай без дна» (Naruszewicz W. Wspomnienia lidzianina. Warszawa, 2001, s. 95).
У горадзе Умань, Украіна, былі знойдзеныя піўныя бутэлькі з гравіроўкай «Пивоваренный заводъ «Баварія» З. А. Пупко. Умань» і з характэрным знакам — аленем, які абапіраецца на бочку. Гісторыкі мяркуюць, што ўладальнік завода Зелік Абрамавіч Пупко — гэта ўнук заснавальніка «Лідскага піва» Носеля, які з’ехаў ва Умань і працягнуў там сямейную справу.
У 1939 г. у Лідзе ўсталёўваецца савецкая ўлада. 26 лістапада на падставе Дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі «Аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці» і Пастановы Часовай управы горада Ліды піўзавод Марка і Сямёна Пупко пераходзіць у падпарадкаванне Брадтрэсту Народнага камісарыята харчовай прамысловасці БССР. З Мінска прыязджае кіраўнік Брадтрэсту Гурвіч: «Адхіліў братоў Пупко ад кіравання заводам і забраў усе грошы» (з успамінаў майстра піўзавода Міхаіла Крушэўскага). Былыя гаспадары спачатку застаюцца на заводзе: «Нам дазволілі працаваць службоўцамі, але абклалі рознымі падаткамі… Мы зразумелі, што для нас тут месца няма. З’ехалі ў Вільна» (з успамінаў Сямёна Пупко).
У 1940 г. на заводзе ўпершыню вараць легендарнае «Жигулевское» — гатунак з ледзь прыкметным смакам хмелю. У асартыменце завода таксама ёсць «Русское» (выразны хмель), «Украинское» (цёмнае піва нізавога браджэння з выразным соладавым смакам і водарам). Лічыцца, што гэтыя гатункі ў 1935 г. распрацаваў УНДІ (Усесаюзны навукова-даследчы інстытут) піваварнай і вінаробнай прамысловасці. Рэцэптура «Жигулевского» супадае са складам знакамітага дарэвалюцыйнага піва «Венское», «Украинское» — гэта амаль «Мюнхенское», а «Русское» — «Пильзенское».
Згодна з легендай, назва «Жигулевское» з’яўляецца ў 1934 г., калі народны камісар харчовай прамысловасці Анастас Мікаян упадабаў у Самары смак «Венского» піва, але не яго буржуазную назву. Тады ў савецкіх стандартах пачынае фігураваць найменне «Жигулевское». Гэты гатунак хутка робіцца самым распаўсюджаным півам СССР, амаль сінонімам піва. ААТ «Лідскае піва» выпускае яго і цяпер.
Фашысцкія войскі захопліваюць Ліду 27 чэрвеня 1941 г. У жніўні ў горад з Вільні вяртаюцца гаспадары Лідскага піўзавода Марк і Сямён Пупко з сем’ямі. Бегчы ім няма куды, Еўропа акупаваная нацыстамі. Пупко знаходзяць прытулак у ацалелай кватэры на тэрыторыі завода.
Нямецкім салдатам патрэбна піва. На завод для наладжвання варкі накіроўваюць інжынера Ёахіма Лахбілера. Усім супрацоўнікам загадана з’явіцца на завод і працягваць работы.
З успамінаў Сямёна Пупко: «Тэрыторыя завода аказалася для нас аазісам. Тут мы жылі і працавалі нармальна, нягледзячы на тое, што ў горадзе лютавалі нацысты. Памятаем, як мы, усе 42 яўрэйскія рабочыя, зладзілі на заводзе сэдэр на Песах, увесну 1942 года. Праз некалькі тыдняў, 8 траўня, калі ў гета праводзілася крывавая «акцыя», Ёахім не пусціў на завод эсэсаўцаў, якія хацелі нас забраць. Потым яго адправілі на фронт. На яго месца прыслалі Ганенберга, ад’ютантам якога была жанчына Меркел — садыстка па натуры. У 1943 г. на завод прыехаў Ёахім атрымліваць піва для сваёй вайсковай часткі. Ён папярэдзіў, што нам пагражае смерць і трэба ўцякаць у лес…».
17 верасня яўрэяў Ліды вывозяць цягніком у канцлагер Майданэк. У некаторых атрымліваецца ўцячы. Марк з сям’ёй хаваецца ў сялянскай сям’і, Сямён далучаецца да партызанскага атрада Бельскіх.
Савецкія войскі вызваляюць горад 8 ліпеня 1944 г. Праз дзесяць дзён бровар перадаюць у распараджэнне гарвыканкама.
У першыя дні пасля вызвалення на чале завода становіцца былы таваразнаўца УГПА (Усесаюзнага галантарэйна-парфумернага аб’яднання) «Цэнтрасаюз» Сяргей Пішчык. Наладжваць працу на заводзе няпроста. З успамінаў супрацоўнікаў: «Завод знаходзіўся ў хаосным стане. Уся тэрыторыя завода і цэха была засмечаная і заваленая. На складах не было ні збожжа, ні соладу, ніводнай транспартнай бочкі. Адзінае багацце завода — лагернае піва ў сутарэннях, запас вуглякіслага газу ў колькасці каля 5 тон, хмель каля 2,5 тон і піўныя бутэлькі ў колькасці звыш 120 тысяч. Гэта ўсё, з чым адміністрацыя завода мусіла ўзяцца за працу».
21 ліпеня новы дырэктар запрашае на працу Марка і Сямёна Пупко. Сям’я на савецкім прадпрыемстве доўга не пратрывае. Неўзабаве яны пакінуць і завод, і краіну: даедуць да Бельгіі, адкуль сям’я Марка выправіцца ў Канаду, а сям’я Сямёна — у Мексіку. У ліпені 2005 г. праўнучка заснавальніка завода Носеля Пупко Маша Коэн, уладальніца буйнога мексіканскага хімічнага прадпрыемства, разам з мужам, дзецьмі і ўнукамі, агулам 15 чалавек, прыедуць у госці на завод «Лідскае піва». Бондар Тадэвуш Вансевіч прыгадваў, што ў 1944 г. вазіў піва ангельскім лётчыкам: «У іх эмблема была — тры колцы адно ў адным. Я кожны дзень вазіў ім піва на “Шэўрале”».
Што робяць англічане ў Лідзе! У горадзе базуецца 240-я Невельская знішчальная дывізія, якой камандуе Герой Савецкага Саюза, палкоўнік (пазней маршал) Георгій Васільевіч Зімін. Зімін напіша ва ўспамінах, што дывізіі перадалі найноўшую распрацоўку — савецкі самалёт Як-3, «паглядзець» на які ў верасні 1944 г. на самалёце Дуглас С-47 прыляцелі 14 англічан, большасць — прадстаўнікі арыстакратычных сем'яў. Разведчыкам зладзілі банкет на ўвесь свет, а потым паказалі ў дзеянні самалёт, найлепшы тагачасны знішчальнік.
На заводзе пачынаюць варыць цёмнае, амаль чорнае, «Бархатнае піва» (сумесь «Жигулевского», «Украинского» і карамельнага соладу). Робяць «Московский» квас у бочках і бутэльках.
У 1953 г. распачынаецца рэканструкцыя: за тры пяцігодкі ўсталююць 69 піўных танкаў аб’ёмам 15 600 літраў кожны і 20 брадзільных чанаў. Рэканструкцыяй кіруе новы дырэктар Георгій Сляпцоў (кіраваў заводам з 1952 па 1973 год). Пра яго прыгадваюць: «Ведаў усіх супрацоўнікаў завода па імені і імені па бацьку. Любіў гаварыць працяглыя тосты. Кожны тост — гэта як паэма пра чалавека, пра яго сям’ю. Сляпцоў быў гаспадар. Ён быў арганізатарам вытворчасці».
Піва «Лідскае» з’яўляецца ў крамах у 1967 г. Яго аўтары — галоўны півавар Марыя Галяева і загадчыца лабараторыі завода Паліна Смірнова.
Па смаку «Лідскае» нагадвае «Дубальтовае», якое варылі Пупко ў 30-я. Шчыльнасць — 13%, мацунак — 4 градусы. Ячмень для «Лідскага» вязуць з Францыі і Польшчы, а хмель — з Украіны і ЗША.
Марыя Галяева прыгадвае: «Нам у Белпіўтрэсце сказалі: вы мусіце стварыць сваё новае лідскае піва. Мы і стварылі».
У 1976 г. «Лідскаму піву» спаўняецца 100 гадоў. У ліпені завод узнагароджваюць ордэнам «Знак Пашаны» «за паспяховае выкананне заданняў 9-й пяцігодкі і ў сувязі са 100-годдзем з дня заснавання». Такую ўзнагароду тады мелі два піваварныя заводы: імя Сцяпана Разіна ў Ленінградзе і імя А. Я. Бадаева ў Маскве (да 1934 г. — Трохгорны піваварны завод).
Ордэн срэбны. Сцягі і зорка аздобленыя рубінава-чырвонай эмаллю з пазалочанымі абрысамі. Таксама пазалочаныя дрэўкі сцягоў і надпісы. Пяцівугольная калодка, з якой злучаны ордэн, абцягнутая шаўковай муаравай стужкай светла-ружовага колеру з дзвюма падоўжнымі аранжавымі палоскамі па краях.
«Знак Пашаны» выдаюць адметным прадпрыемствам, арганізацыям, населеным пунктам і людзям. Гэта самая значная ўзнагарода, якую мог атрымаць калектыў савецкага прадпрыемства.
У 1980 г. ордэн атрымаў горад Ліда на 600-годдзе.
У 70-я на заводзе вырабляюць два самыя настальгічныя безалкагольныя напоі савецкай эпохі. Цёмна-брунатны «Байкал» — кампазіцыя з натуральнымі эфірнымі алеямі і экстрактамі духмяных траваў. Ліманад «Буратино» — кісла-салодка-горкі смак лімона і яблыка. Мюзікл 1976 г. паводле казкі Аляксея Талстога не спадабаўся замоўцу — «Беларусьфільму», але прывёў у захапленне гледачоў. Поспех пастаноўкі ўдала выкарыстоўваюць вытворцы ліманадаў па ўсім Саюзе.
У 1985 г. пачынаецца ўсесаюзная барацьба з п’янствам. Урад абмяжоўвае вытворчасць алкагольных напояў, у тым ліку і піва. Завод актыўна пераключаецца на ахаладжальны асартымент. У найбліжэйшую пяцігодку «Лідскае піва» робіць дзясяткі напояў з паэтычнымі назвамі: «Восточный», «Утро», «Черничный», «Рабінавы», «Исинди», «Вересок», «Вечерний Арбат» і іншыя.
19 верасня 1991 года на палітычнай карце свету ўзнікае Рэспубліка Беларусь. У 1992 г. піўзавод ператвараецца ў арэнднае прадпрыемства, а ў 1994 г. — у акцыянернае таварыства закрытага тыпу.
Лідскі завод зведвае ўсе складанасці пераходнага перыяду: рост цэнаў на 26-30% у месяц, валютны дэфіцыт, акцызны збор у 40%, які збліжае цану бутэлькі піва і пладова-ягаднага віна на прылаўку.
90-я — адзіны этап у гісторыі прадпрыемства, калі на лініі разліваюць моцны алкаголь. Піва «Лідскае» знікае з крамаў. Напрыклад, у Мінску яго прадаюць толькі ў адным універсаме.
У 1996 г. разам з аўстрыйскімі піваварамі Eggenberg International лідчане запускаюць чэшскую лінію разліву піва, якую купілі яшчэ ў 1991 годзе. Першы вынік яе працы — піва «Король хмеля», з нямецкім хмелем і французскім соладам. Завод «Лідскае піва» першым у краіне разлівае пастэрызаванае піва ў бутэлькі.
У 2003—2004 гг. разам з чэшскімі прамыслоўцамі Preiss s.r.o «Лідскае піва» будуе варачны цэх з камп’ютарызаванай чэшскай варніцай і новае брадзільнае аддзяленне. Магутнасць завода павялічваецца амаль удвая — да 60 млн літраў піва ў год.
Першае піва, якое вараць на абноўленым заводзе, — «Три короля». Яго распрацоўваюць чэшскія і мясцовыя півавары. Адна з найбольш тытулаваных лінеек у гісторыі завода: 14 залатых медалёў на міжнародных і беларускіх конкурсах за 2005—2008 гг.
У 2000-я з’яўляюцца безалкагольная «Нулёвочка» і «Лідскае Premium» — новыя ўдалыя гатункі лідскага піўнога шэрагу.
У 2008 г. акцыянеры ААТ «Лідскае піва» знаходзяць інвестара — фінскі канцэрн Olvi Oyj, які аб’ядноўвае півавараў A. Le Coq з Эстоніі, Cesu Alus з Латвіі, Volfas Engelman з Літвы і Olvi з Фінляндыі. Генеральным дырэктарам «Лідскага піва» з 30 сакавіка 2009 г. робіцца Аўдрус Мікшыс.
У 2009 г. пачынаецца першы этап інвестыцый. Да 2012 г. завод атрымае больш за 40 мільёнаў еўра, а да 2016 — яшчэ 41 мільён.
Восем новых фінскіх танкаў для піва, кожны аб’ёмам 200 м3 і вышынёй 18 м, з пяціпавярховік, вязуць з Фінляндыі спецыяльным транспартам. У Беларусі калону суправаджае ДАІ. У 2012 г. на «Лідскім піве» ўсталяваны новы аўтаматызаваны і камп’ютарызаваны вытворчы комплекс.
На этыкетку вяртаецца герб, абраны 130 гадоў таму заснавальнікам завода Носелем Пупко. Захаваны арыгінальны колер старога заводскага кляйма — чырвоны. Шчыт на гербе абвівае арнамент з залацістых галінак хмелю.
У 2016 г. півавары да 140-годдзя завода выпускаюць нашумелыя навінкі: флагманскі лагер «ЛIДСКАЕ Легенда», а таксама лімітаваны гатунак «Лидскае 140», адсылку да старадаўніх марак «Царское» і «Идеалъ». Сучасныя півавары выкарыстоўвалі тыя ж гатункі соладу, што і Пупко ў XIX стагоддзі: «шато мюнік лайт» і «шато кара клэр».
У верасні ў Лідзе адбываецца фестываль хмелю, соладу і вады LidBeer: на яго з’язджаецца 100 000 чалавек з усёй краіны і блізкага замежжа.
2016-ы — год, калі «Лидское» ператварылася ў «ЛIДСКАЕ», брэнд пачынае гаварыць па-беларуску.
Падчас збору матэрыялу для другога выдання кнігі аб гісторыі беларускага броварства спецыялісты Лідскага гісторыка-мастацкага музея наведалі архівы Гродна, Мінска і Вільнюса. У пошуках новых дадзеных архівісты выявілі факты, якія сведчаць аб тым, што бровар у Лідзе з’яўляецца найстарэйшым з тых, якія па сённяшні дзень дзейнічаюць у Беларусі. Экспертыза вышэйшага акадэмічнага органа Рэспублікі Беларусь у галіне гісторыі — Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь — пацвердзіла гэтыя факты.
«Лідскае піва» з’яўляецца часткай фінскага холдынгу Olvi PLC з 2008 года. Дзякуючы гэтаму партнёрству кампанія атрымала струмень інвестыцый, якія садзейнічалі абнаўленню вытворчых ліній і аптымізацыі працэсаў. «Лідскае піва» штогод забяспечвае 32% ад агульнага аб’ёму продажаў групы
Сёння прадукцыя ААТ «Лідскае піва» пастаўляецца ў 20 краін на трох кантынентах. Штогод кампанія экспартуе больш за 60 мільёнаў літраў прадукцыі - піва, квас, сідр, энергетычныя напоі, сок і ваду.
Ствараць моманты задавальнення праз напоі
Быць кампаніяй №1 у вобласці вытворчасці піва і напояў і найбольш упадабаным брэндам у Беларусі
У аснове нашай стратэгіі ляжыць развіццё і рост нашага цяперашняга бізнесу па вытворчасці напояў. Мы падтрымліваем прыбытковы ўзрост і імкнемся да моцных рыначных пазіцый з дапамогай інавацыйных, арыентаваных на попыт спажыўцоў і кліентаў, брэндаў піва і безалкагольных напояў. Мы шукаем новыя магчымасці развіцця як на існуючых, так і на новых рынках
ААТ «Лідскае піва» – вядучае беларускае прадпрыемства па вытворчасці піва і напояў, якое выступае за свядомае і адказнае ўжыванне алкаголю. У адпаведнасці з унутраным этычным кодэксам і каштоўнасцямі прадпрыемства, мы ў сваёй штодзённай дзейнасці і маркетынгавай камунікацыі дзейнічаем адказна і верым, што разумнае ўжыванне алкаголю прадухіляе грамадскую старту, абумоўленую празмерным ужываннем алкагольных напояў. Такіх жа паводзін мы чакаем і ад сваіх дзелавых партнёраў.
Пазіцыя ААТ «Лідскае піва» аб адказнай культуры ўжывання алкаголю
Вам споўнілася 18 гадоў?
Вы збіраецеся наведаць сайт, на якім ёсць інфармацыя аб прадуктах, якія змяшчаюць алкаголь
Калі вам стала вядома аб фактах парушэння антыкарупцыйнага заканадаўства ў Адкрытым акцыянерным таварыстве «Лідскае піва», паведаміце пра гэта на адрас: anticorruption@Lidskae.by
Ваша інфармацыя дазволіць спыніць карупцыйнае правапарушэнне. Канфідэнцыяльнасць гарантавана.
ААТ «Лідскае піва» выкарыстоўвае файлы cookie падчас вашага наведвання сайта. Працягваючы прагляд, вы пагаджаецеся з нашай Палітыкай канфідэнцыяльнасці і выкарыстання файлаў cookie.