Рэкорд дабрачыннай «Агульнай дыктоўкi»: дыктант пісалі больш за 1100 удзельнікаў з 14 краін, памер дапамогі медыкам склаў 8000 BYN

У дабрачыннай «Агульнай дыктоўцы», якая прайшла 6 чэрвеня анлайн, прыняла ўдзел рэкордная колькасць чалавек  1119. Дыктоўку пісалі жыхары Беларусі, Канады, ЗША, В’етнама, Швецыі, Англіі, Італіі, Германіі, Аўстрыі, Іспаніі, Эстоніі, Польшчы, Расіі і Літвы  14 краін. Памер дапамогі, якую арганізатар праекта ААТ «Лідскае піва» акажа медыкам, склаў 8000 рублёў: 5 BYN за кожнага ўдзельніка плюс дадатковыя сумы за тых, хто напісаў дыктоўку на выдатна (9 і 10 рублёў адпаведна), а таксама асобная сума ад імя самой кампаніі, якая вырашыла падтрымаць ініцыятыву. Грошы будуць пералічаныя на дабрачынны рахунак Міністэрства аховы здароўя.

«Агульная дыктоўка 2020» была прысвечана культурнай спадчыне Беларусі, нашым караням, традыцыям. Тэкст сучаснага аўтара Марыі Цітарчук аб традыцыйным панскім паляванні і прыгажосці роднай зямлі ў прамым эфіры на YouTube чытаў Аляксандр Ільін, лідар гурта Nizkiz. Нягледзячы на дыстанцыйны фармат, праект атрымаўся па-сапраўднаму яднаючым і сабраў сотні каментароў пад трансляцыяй на YouTube.

 Бачыць такую колькасць неабыякавых і захопленых беларускай мовай людзей па ўсім свеце было вельмі натхняльна, — адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Лідскае піва» А. Мікшыс.  Мы рады, што прынялі рашэнне зрабіць «Агульную дыктоўку» дабрачыннай, гэта з’яднала ўдзельнікаў яшчэ больш. Сума, якую кампанія пералічыць на барацьбу з каронавірусам, атрымалася важкай. А, значыць, мы на крок бліжэй да мэты: як сацыяльна-адказны бізнэс, мы хочам згладзіць наступствы гэтага няпростага для ўсіх перыяду.

Найбольш актыўнымі былі жыхары Мінска: у сталіцы дыктоўку пісалі 674 чалавекі. Другім па колькасці ўдзельнікаў сярод беларускіх гарадоў стаў Гродна, на трэцім месцы Віцебск. У агульнай складанасці да праекту далучыліся ў 85 населеных пунктах Беларусі. Праект стаў самым масавым за сваю гісторыю. Напярэдадні дыктоўкі арганізатары атрымалі 2831 заяўку на ўдзел.

Акрамя таго, праект выйшаў на новы ўзровень па колькасці ўдзельнікаў з-за мяжы. У мінулым годзе дзякуючы радыётрансляцыі ў жыхароў іншых краін была магчымасць пісаць дыктоўку выдалена. Тады да праекту далучыліся ўдзельнікі з Расіі, Польшчы, Украіны і ЗША. У гэтым годзе «Агульная дыктоўка» больш значна пашырыла геаграфію: дзякуючы стрыму на YouTube дыктоўку пісалі ў 14 краінах, усталяваўшы рэкорд праекта па міжнародным ахопе.

 Я чула пра такія ініцыятывы раней і мне яны вельмі да спадобы дзеліцца ўражаннямі Любоў Жаўняровіч, удзельніца «Агульнае дыктоўкi» з Італіі.  Дыктоўку пісала ўпершыню, спадзеючыся на сваё журналісцкае мінулае і на тое, што веданне граматыкі не страцілася. Зноў сесці за парту аказалася прыемнай забавай — у школе я любіла пісаць дыктоўкі, думаю, што справілася і ў гэты раз. Праект класны. Гэта добрая, хай і невялікая, магчымасць папулярызаваць мову, яднаць беларусаў, прычым усіх узростаў, што вельмі важна.

Праверка работ філолагамі праекта заняла 12 дзён. На 9 і 10 балаў «Агульную дыктоўку» напісалі 78 удзельнікаў, за кожнага ААТ «Лідскае піва» пералічыла дадатковыя сродкі медыкам.

— Ад Міністэрства аховы здароўя і медыкаў хачу выказаць словы падзякі кампаніі за матэрыяльную і маральную падтрымку. У нашай штодзённай барацьбе рука дапамогі вельмі важная. Такія ўчынкі сведчаць аб сапраўдай сацыяльнай накіраванасці і адказнасці бізнесу. Ад усяго сэрца дзякуем і верым, што разам мы справімся, — адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя.

Даведка

«Агульная дыктоўка» — адзін з галоўных сацыяльных праектаў ААТ «Лідскае піва». Упершыню дыктоўка прайшла ў 2017 годзе ў Нацыянальнай бібліятэцы і стала пасля штогадовай традыцыяй, якая дапамагае памятаць і любіць сваю мову. У розныя гады праект падтрымлівалі гурт NaviBand, Руся (вакалістка SHUMA), акцёры Купалаўскага тэатра, рэжысёр Іван Пінігін, пісьменнікі Андрэй Горват і Людміла Рублеўская.

ПАДПІСАЦЦА НА НАВІНЫ