У Мінску ўпершыню прайшла “Агульная дыктоўка”

Напiсаць дыктоўку па беларускай мове ў Нацыянальную бібліятэку прыйшлі амаль 200 чалавек. Акрамя мінчукоў выпрабаваць свае веды вырашылі жыхары іншых гарадоў — Дзяржынска, Лагойска, Барысава, Жодзіна, Шчучына, Слоніма, а таксама Брэста, Гомеля, Гродна. Для тых, хто не змог прыехаць, была арганізавана анлайн трансляцыя праз youtube-канал. Вынікі будуць дасланыя ўдзельнiкам па электроннай пошце 28 чэрвеня, пасля таго, як работы правераць прафесійныя філолагі. Кожнага харашыста чакае падарунак.

Арганізатарам «Агульнай дыктоўкi» выступіла ААТ «Лідскае піва». Праект стаў своеасаблівым падарункам да 950-годдзя беларускай сталіцы. «На працягу некалькіх гадоў наша кампанія надае вялікую ўвагу аднаўленню гісторыі і пераемнасці культурнай спадчыны. З пачатку мінулага года ААТ „Лідскае піва“ размаўляе па-беларуску і падтрымлівае разнастайныя праекты культурнага кшталту. „Агульная дыктоўка“ — адзін з уласных карпаратыўных сацыяльных праектаў, які працягнуў гэты накірунак. Мы бачым жаданне моладзi i людзей сталага ўзросту карыстацца беларускай мовай, пашыраць яе ўжыванне. Таму мы будзем працягваць натхняць беларусаў размаўляць на роднай мове», — адзначыла менеджар па карпаратыўных камунікацыях ААТ «Лідскае піва» Наталля Яфімкіна.

Для дыктанта была абрана «Мiнская гicторыйка» — кароткае апавяданне Мiхаiла Валодзiна са зборнiку «Наш стары добры Вавілон». Чытаў дыктант рэжысёр, прадзюсар Iван Пінігін. Азнаемiцца з арыгіналам тэксту ўжо можна на сайце lidskae.by.

«Я марыла аб тым, каб мы, беларусы, зрабілі нешта такое агульнае для нас, адукацыйнае і, зразумела, — беларускамоўнае. Каб мы размаўлялі і пісалі па-беларуску і рабілі гэта пісьменна. На „Агульнай дыктоўцы“ мая мара пачынае здзяйсняцца. Удзельнікi, якiя сабралiся ў Нацыянальнай бібліятэцы, зрабілі крок да сябе і да нашай мовы — і такім чынам распачынаюць новую беларускамоўную гicторыю. Сёння гэта надзвычай важна», — адзначыла фiлолаг, каардынатар праекту «Майстэрня слова» Iна Хазеева, словы якой былi сустрэты авацыямi ўдзельнiкаў.

Пасля дыктоўкi ўдзельнiкi маглi пагуляць у беларускія настольныя гульні, сфатаграфавацца і пачаставацца прысмакамі.

ПАДПІСАЦЦА НА НАВІНЫ