«Лідскае піва» выпусціла трэці гатунак з серыі «МЕНСКАЕ»

ААТ «Лідскае піва» выпусціла трэці гатунак, які завяршае лімітаваную серыю «МЕНСКАЕ», вырабленую да 950-годдзя Мінска. Новы прадукт прымеркаваны да даты, калі Мінск упершыню стаў сталіцай незалежнай дзяржавы.

25 сакавіка 1918 года была падпісаная 3-я Статутная грамата рады Усебеларускага кангрэса. Дакумент абвяшчаў незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, а Мінск дэ-факта стаў сталіцай новага дзяржаўнага ўтварэння. Менавіта гэтай значнай падзеі ў гісторыі горада прысвечаны выпуск трэцяга і апошняга гатунку «МЕНСКАЕ 1918» з лімітаванай серыі «МЕНСКАЕ».

«МЕНСКАЕ 1918» — гэта класічны еўрапейскі светлы лагер з мяккім смакам і прыемным хмелевым водарам. Утрыманне алкаголю ў новым гатунку — 4,7 %. Масавая доля сухіх рэчываў — 11 %. Горыч — 12 IBU.

Этыкетка выкананая ў агульнай для серыі стылістыцы старажытнага вітража. У аснове кампазіцыі — карта ўтворанай 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі, цэнтральным элементам якой з’яўляецца Мінск як сталіца незалежнай дзяржавы. Надпісы на малюнках франтальнай этыкеткі выкананыя на лацінцы.

«МЕНСКАЕ 1918» з’явіцца на паліцах крамаў 24 чэрвеня 2017 года. Піва будзе прадавацца ў шкляной тары аб’ёмам 0,5 л і ПЭТ-бутэльцы 1,5 л. Рэкамендаваная цана — 1,61 BYN за шкляную бутэльку, 3,82 BYN за ПЭТ.

ПАДПІСАЦЦА НА НАВІНЫ