«Лідскае піва», адзін з вядучых вытворцаў піва ў Беларусі, з поспехам прадставіла сваю прадукцыю на сёмай Кітайскай міжнароднай выставе імпарту (CIIE), якая прайшла з 5 па 10 лістапада ў Шанхаі. Гэтая маштабная падзея, якая сабрала каля 4 тысяч кампаній са 150 краін, стала ідэальнай платформай для прасоўвання беларускіх тавараў на кітайскім рынку.
Пад дэвізам «Новая эра, агульная будучыня» выстава прадэманстравала дасягненні і інавацыі з розных куткоў свету. Сёлета Беларусь была прадстаўлена 70 прадпрыемствамі, сярод якіх «Лідскае піва» прыцягнула асаблівую ўвагу наведвальнікаў сваёй разнастайнасцю напояў.
— Мы прывезлі больш за дзесяць відаў нашай прадукцыі, уключаючы унікальны беларускі квас, які аказаўся вельмі папулярным сярод кітайскіх спажыўцоў, — падзяліліся ўдзельнікі дэлегацыі. Кітайцы знаёмыя з квасам, але аддаюць перавагу саладзейшым варыянтам. Наш «Лідскі» квас стаў сапраўдным адкрыццём для іх.
Найбольшую цікавасць выклікала пшанічнае піва з «Калекцыі майстра» і навінка — Ясен Квасен.
— Мы таксама атрымалі шмат натхнення ад кітайскага рынку. Нам спадабалася мядовае піва і арыгінальнае "рэзанае" піва, у якім змешваюцца светлы і цёмны гатункі, — адзначылі прадстаўнікі «Лідскага піва».
У выніку ўдзелу ў выставе «Лідскае піва» заключыла шэсць кантрактаў на пастаўку сваёй прадукцыі ў Кітай, што з'яўляецца значным крокам наперад у пашырэнні экспартных магчымасцей кампаніі.